Проект «80 мирных лет» рассказывает, о чем писала газета в 1970 году

За 1970 год было надрукавана 154 нумары газеты «Ленінскі шлях». Раёнка выходзіла тры разы на тыдзень: аўторак, чацвер, субота. Галоўны рэдактар – Герасім Тарасавіч СТАМБРОЎСКІ
● Святочна аформленая перадавіца першага нумара ад 1 студзеня распавядае аб значных падзеях і дасягненнях года мінулага і нясе заклікі дастойна сустрэць “знамянальную дату века – 100-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна!” “1970-ы – год вялікага юбілею, ленінскага юбілею. І ў той жа час – апошні год пяцігодкі. Зробім яго годам багатых здабыткаў!”
● На гэтай жа старонцы надрукаваны “Навагоднія інтэрв’ю”, якія далі рэктар БСХА К. М. Сонцаў, камсамолка, даярка саўгаса “Кароўчына” З. І. Рысянкова, галоўны заатэхнік калгаса імя Жданава
В. Губар.
● У № 4 ад 16 студзеня на першай паласе надрукаваны матэрыял аб тым, што вучгас БСХА выйшаў пераможцам ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве сярод вучэбна-доследных гаспадарак краіны. На здымку М. Панкратава: начальнік упраўлення вучэбна-доследных гаспадарак Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР П. А. Арэшкін уручае дырэктару вучгаса БСХА П. С. Разінкевічу пераходны Чырвоны сцяг Савета Міністраў СССР і ВЦСПС.
● У трох нумарах лютага да Дня Савецкай Арміі і ваенна-марскога флоту на першай паласе размешчаны мемуары нашага славутага земляка Маршала Савецкага Саюза, першага намесніка міністра абароны Саюза ССР І. І. Якубоўскага “На вернасць Радзіме”.
● На першай старонцы № 34 – фотаздымак і тэкстоўка пра высокую ўзнагароду, ордэн Леніна, якога ўдастоена даярка каласа “ХVІІ партз’езд Ала Амосаўна Сойкіна за выдатныя поспехі ў сацыялістычным спаборніцтве за павелічэнне вытворчасці малака. Яна надаіла 4411 кг малака ад кожнай каровы.
● У № 82 ад 14 ліпеня – інфармацыя аб тым, што ў Горкі прыбыў Усесаюзны аўтапоезд “Дружба” з прадстаўнікамі 47 краін свету. Яны знаёміліся з горадам, акадэміяй і наведалі мемарыяльны комплекс у Леніна, дзе адбыўся мнагалюдны мітынг.
● З матэрыяла “Любімы горад” у нумары ад 7 лістапада да гадавіны Вялікага Кастрычніка даведваемся аб тым, што прадукцыя горацкіх прадпрыемстваў мае шырокую геаграфію і адпраўляецца ў Цюмень, Херсон, Ніжні Тагіл, Харкаў, Свярдлоўск, Чалябінск, Курск, Фрунзе, Саратаў….І гэта без шматлікіх адрасоў па Беларусі.
Аўтар В. Дашкевіч таксама піша, што за апошнія чатыры гады ў Горках пабудавана 18 жылых дамоў агульнай плошчай 7075 квадратных метраў. Наваселлі справілі больш 200 сем’яў гаражан. Таксама ўзведзена 218 індывідуальных дамоў. З’явілася 10 новых вуліц.
Падрыхтавала Галіна КАЖЭЎНІКАВА








