У рэпертуары ансамбля «Песняры» ёсць песня на яе словы
Горацкі раённы музей запрашае на творчую сустрэчу з беларускай паэтэсай Наталляй Азаранка

Наталля Азаранка нарадзілася 22 жніўня 1973 года ў вёсцы Баронькі Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў шматдзетнай сям’і сельскіх працаўнікоў. Скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А. С. Пушкіна.
Член грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» (з 2014 г.), народнага аматарскага аб’яднання «Літаратурная гасцёўня «Крынічка» пры Касцюковіцкай цэнтральнай бібліятэцы імя І. Чыгранава, кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Прыбяседдзе» пры раённай газеце «Голас Касцюкоўшчыны». Піша на беларускай і рускай мовах. Аўтар паэтычных зборнікаў «Небесных мыслей зеркала» (2010 г.), «В аромате дождей» (2014 г.), «Вернисаж судьбы» (2018 г.), «Тринадцать месяцев» (2020 г.), «Ад радзімічаў да Касцюковічаў» (2021 г.).
Вершы Наталлі Азаранкі — лірычныя і вельмі кранальныя, адначасова простыя і па-філасофску асэнсаваныя. Паэтка лёгка і шчымліва піша пра родную зямлю і людзей, лёс і час, жыццё і каханне. Яе творы друкаваліся ў раённай газеце «Голас Касцюкоўшчыны», рэспубліканскіх «Знамя юности», «Вместе», «Літаратура і мастацтва», у часопісах «Нёман», «Алеся», у рэспубліканскім зборніку «Давайте говорить стихами», альманахах «Гоман», «Прыдняпроўе», зборніках вершаў паэтаў Касцюкоўшчыны «Крыніцы душы» і «Крыніца душы».
Наталля Азаранка — адзін з яркіх літаратурных талентаў Касцюковіцкай зямлі. Яна лаўрэат спецыяльнай раённай прэміі імя Івана Чыгрынава «За духоўнае адраджэнне беларускай мовы і літаратуры» (2011 г.); актыўная ўдзельніца фестывалю паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», які ладзіцца на Касцюкоўшчыне (у 2012 і 2014 гг. узнагароджана Дыпломамі І і ІІІ ступені ў намінацыі «Аўтар слоў»); пераможца абласнога адкрытага дыстанцыйнага конкурсу вершаў асабістага сачынення «Благородные стражи здоровья» (2020 г.).
Наталля Азаранка прымала таксама ўдзел у Міжнародным маладзёжным фестывалі мастацтва і спорту людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Темп», які праходзіў у Беларусі ў 2005 г., дзе прызнана адным з яркіх талентаў магілёўскага аб’яднання.

Вершы Наталлі лёгка кладуцца на музыку, з’яўляючыся сапраўднай знаходкай як для мясцовых, так і знакамітых прафесійных кампазітараў. Многія з гэтых песень гучаць на фестывалях і конкурсах, дзе займаюць прызавыя месцы. Так, песня «Два крыла» (муз. Алены Ісакавай) у выкананні народнага вакальнага ансамбля «Альянс» стала гімнам фестывалю паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг». Песня «Здымак земляка» (муз. Людмілы Несцеравай) заняла 2-е месца ў конкурсе патрыятычнай і маладзёжнай песні, прысвечаным памяці Героя Савецкага Саюза Лёні Лорчанкі; верш «Мая Бацькаўшчына» — 1-е месца ў раённым конкурсе творчых работ, прысвечаным святкаванню 500-годдзя горада Касцюковічы. Песні на словы Наталлі Азаранка выконваюць народныя калектывы Касцюковіцкага раённага Цэнтра культуры. Паэтка з’яўляецца аўтарам шматлікіх прыпевак, якія выконваюць мясцовыя спявачкі. Яна аўтар слоў гімнаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і сярэднеадукацыйнай школы № 2 г. Касцюковічы.
У рэпертуары Беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры» ёсць песня «За Беларусь!» на словы Наталлі Азаранкі (муз. Вячаслава Шарапава). Упершыню яна прагучала на Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2009» у Кобрыне. Плённым стала супрацоўніцтва з гуртам «Спадчына».
Прапануем паслухаць песню «Дадому» (муз. Андрэя Шчыткаўца), гучыць у выкананні Андрэя Усанава.
Людміла ДЗЕРУЖКОВА,
кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова”






