Выйшаў новы зборнік мясцовых літаратараў
Калектыўны літаратурны зборнік — гэта заўжды адкрыццё. У калейдаскопе паэтаў і празаікаў, безумоўна, знойдуцца творцы, якія здолеюць узрушыць і здзівіць нават самага дасведчанага чытача. І кніга «Зоркі над Горкамі», прысвечаная 35-годдзю народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» і Году народнага адзінства, тут не выключэнне.
У кнізе змешчаны творы членаў народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова», у тым ліку і членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніны Кавалёвай, Сяргея Кісялёва, Міхаіла Уласенкі, Анатоля Прохарава, Наталлі Ніканчук, Алесі Цэван, журналістаў раённай газеты “Горацкі веснік”. Усяго 33 аўтары.
Зборнік складаецца з трох раздзелаў: паэзія, проза, публіцыстыка. Раздзел паэзіі адкрываюць вершы знакамітай паэтэсы Горацкага краю Ніны Кавалёвай, чыя паэзія — невычэрпная крыніца дабрыні, спагады, даравання і любові да чалавека, прыроды, Бога. Вельмі добра, што складальнікі звярнуліся і да багатай творчасці вядомых горацкіх аўтараў — Льва Васільева, Сяргея Кісялёва, Сяргея Лоцманава, Леаніда Самусенкі, чые вершы хвалююць сэрцы, прымушаюць задумацца аб жыцці і не быць абыякавым назіральнікам. Кранаюць душу лірычнай замілаванасцю родным краем вершы Лідзіі Андрэевай, Аляксандра Ведзянеева, Валянціны Мажугінай, Святланы Цярэшкі і іншых. Здзіўляе арыгінальным поглядам на жыццё і пошукамі свайго месца ў ім Таццяна Гаўрыленка. Усё больш упэўнена і самабытна заяўляе аб сабе маладая паэтэса Алеся Цэван. У прозе прыцягваюць увагу чытача апавяданні Людмілы Дзёменскай, дзе яна заяўляе аб сабе як майстар стварэння і развіцця псіхалагічных сюжэтаў. Ёсць у гэтым і пэўная аўтарская смеласць. Цікава раскрываюць характары сваіх герояў Сяргей Кісялёў і Наталля Ніканчук. Шырока прадстаўлена ў зборніку і публіцыстыка. З артыкуламі на актуальныя надзённыя тэмы ў ёй выступілі Уладзімір Ліўшыц, Тамара Драздоўская, Людміла Ганчарова, Мікалай Панкратаў, Валерыя Драздоўская, Марыя Студнёва, Валянціна Копач і іншыя аўтары.
Прыемна адзначыць, што ў кнізе змешчаны і творы пераможцаў раённага літаратурнага конкурсу «Думкай і словам з’яднаныя», прысвечанага Году народнага адзінства: Алесі Азаранкі, Ларысы Івановай, Вікторыі Сулімавай, Дар’і Хвашчэўскай і іншых.
Горкі — горад невялікі, але ж надта багаты на літаратурныя таленты. Чаму? «…любы горад мой Горкі… На далоні твае апускаюцца зоркі», — піша паэтэса Ніна Кавалёва. Лічыцца, што зоркі апякуюць людзей таленавітых і дапамагаюць ім. Хочацца пажадаць літаратарам Горацкага краю творчага плёну. Мабыць, іх стараннямі ў горада ёсць усе шанцы стаць літаратурнай сталіцай Магілёўшчыны.
Віктар КУНЦЭВІЧ,
член ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”,
Галіна КАЖЭЎНІКАВА,
член ГА “Беларускі Саюз журналістаў”