У Рэкце пазнаёміліся з апавяданнямі пісьменніцы Людмілы Дзёменскай

«Светлы вобраз Радзімы» – пад такой назвай у Ракцянскай бібліятэцы прайшла літаратурная вечарына, на якой жыхары аграгарадка змаглі сустрэцца з вядомай у Горацкім раёне пісьменніцай Людмілай ДЗЁМЕНСКАЙ
Нарадзілася Людміла Уладзіміраўна ў в. Равячына нашага раёна ў шматдзетнай сям’і Уладзіміра Міхайлавіча і Фені Сцяпанаўны Касяковых. Скончыла Паршынскую васьмігадовую школу і паступіла ў Магілёўскае педагагічнае вучылішча імя К. Д. Ушынскага. Паспяхова скончыла яго. Працавала на Быхаўшчыне ў в. Лазаравічы настаўніцай пачатковых класаў. Затым скончыла завочна Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны. У Лазаравічах сустрэла сваё каханне – Паўла Паўлавіча Дзёменскага. Стварылі сям’ю, нарадзіліся дзеткі. Людміла Уладзіміраўна працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў в. Мазалава Мсціслаўскага раёна. У 1989 годзе сям’я пераехала ў в. Сенькава Ракцянскага сельсавета. Людміла Уладзіміраўна выкладала беларускую мову і літаратуру ў Шышаўскай школе, працавала завучам. Яна вучыла нашых дзяцей і унукаў. Вучыла іх шанаваць родны край, любіць сваю Радзіму, свае карані. Зараз ветэран педагагічнай працы працягвае настаўнічаць у Шышаўскай школе.
Любая кніга пачынаецца з пісьменніка. Кожны сапраўдны пісьменнік не толькі пашырае наш кругагляд і чытацкае светабачанне, светаразуменне, але і ўзбагачае нашы погляды на жыццё. Яго фантазія прымушае нас разважать, думаць.
У 2023 годзе з друку выйшла кніга апавяданняў Людмілы Уладзіміраўны “Жылі-былі людзі”. Яна піша пра людзей, з якімі расла, жыла, пра сваіх родных і блізкіх, пра жыццё на вёсцы, пра любоў да малой радзімы. Ёсць драматычныя апавяданні пра жыццё, апаленае полымем вайны (“Домна”), пра мірную пасляваенную працу (“Аўдотка”), апавяданні пра культуру, гісторыю, гумарыстычныя творы. У кнігу таксама ўвайшлі апавяданні “Па дарозе”, “Гады мае, гадочкі”, “Суседачкі-бяседачкі”, ”Мянушка” і іншыя.
З творамі Людмілы Уладзіміраўны Дзёменскай удзельнікаў мерапрыемства пазнаёмілі аўтар гэтых радкоў, бібліятэкар Валянціна Максімава, загадчыца Ракцянскага цэнтра культуры і адпачынку Аксана Іванова, Раіса Лепская. Апавяданні ў аўтара пранікнёныя, драматычныя. таму прысутных на вачах былі слёзы. Літаратурная сустрэча суправаджалася песнямі аб Радзіме, якія выконвалі калектыў народнай песні “Ракцяначкі”, салісты Аксана Іванова і Галіна Цішкова.
На літаратурнай вечарыне выступіла старшыня Ракцянскага сельсавета Наталля Шчурэвіч. Яна ўпершыню пазнаёмілася з творчасцю Людмілы Уладзіміраўны. Наталля Ягораўна выказала пісьменніцы ўдзячнасць за яе талент і падарыла букет жывых кветак. Са словамі ўдзячнасці за цудоўныя творы звярнулася і калега Людмілы Уладзіміраўны, ветэран педагагічнай працы Вера Рыжанкова.
Людміла Уладзіміраўна падзякавала ўсім прысутным за цудоўную і цёплую сустрэчу. Яна расказала аб тым, што прымусіла яе ўзяцца за пяро і напісаць кнігу, больш падрабязна распавяла аб творах і падарыла Ракцянскай бібліятэцы кнігу сваіх апавяданняў.
Сустрэча была цёплай, па-дамашняму ўтульнай і з гарбатай. Мы спявалі песні аб Радзіме, дзяліліся меркаваннямі аб прайшоўшых выбарах, жадалі нашаму Прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку моцнага здароўя, доўгіх год жыцця.
А тыднем раней у Ракцянскай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі вершаў загадчыцы Ракцянскага цэнтра культуры і адпачынку Аксаны Івановай ”Что в глубине души твоей”. Аўтару гэтых радкоў трапіла ў рукі замалёўка 2007 года аб тым, што настаўнікі Шышаўскай школы выпусцілі да выпускнога балю зборнік вершаў вучаніцы Аксаны Ярмалюк (Івановай). Аксана ў юнацкім узросце пісала вершы аб Радзіме
Адкуль ты? – спытаюць мяне.
Я з самае лепшай краіны.
Такая мне снілася ў сне,
Якая завецца Радзімай.
Прагучала песня ў выкананні калектыву народнай песні “Ракцяначка” на словы Канстанцыі Буйло “Люблю наш край”.
Хто вершы піша не паэт, паэт, хто сэрцам іх складае. Вершы сніліся Аксане ў дзявочых снах. Тады яна не ведала яшчэ, што стане шматдзетнай маці і будзе спяваць сваім дзеткам калыханкі. Але ўжо ў тыя гады яна напісала вершы для дзяцей “Колыбельная“, “Даша” і іншыя. Прысвячала іх і матулі.
З вершамі Аксаны Івановай прысутных пазнаёмілі аўтар гэтых радкоў, бібліятэкар Валянціна Максімава. Напрыканцы мерапрыемства Аксана сама прачытала некалькі сваіх твораў, напісаных у маладосці. Падзялілася сваімі думкамі аб кнізе. Паэтычнае крэда аўтара – несці чытачам шчырую чысціню светлых пачуццяў, бясконцую любоў да Радзімы.
Любоў ВАЛЧКОВА,
ветэран працы, член народнага літаратурнага калектыву
“Роднае слова” пры Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі







