У музеі прайшоў вечар памяці вучонага і паэта Аляксандра Клачкова
«За скарб жыцця прымаю дабрыню…» — пад такой назвай у Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі прайшоў вечар памяці вучонага і паэта Аляксандра Клачкова з нагоды яго 70-гадовага юбілею.
Жыццё Аляксандра Віктаравіча ўяўляла сабой арганічнае адзінства навукі і культуры, тэхнікі і лірыкі. Доктар тэхнічных навук, прафесар, вядомы ў краіне і за яе межамі вучоны-даследчык, педагог, аўтар шэрагу падручнікаў і навукова-даследчых распрацовак па машынных тэхналогіях у сельскай гаспадарцы. Усяго ім выдадзена больш за 650 навуковых і вучэбна-метадычных работ. Ён аўтар больш за 60 вынаходніцтваў. Ім падрыхтавана 7 кандыдатаў навук.
Член Міжнароднага саюза пісьменнікаў «Новый современник» і народных літаратурных аб’яднанняў «Роднае слова» і «Парнас». Пры жыцці выйшла 13 зборнікаў вершаў паэта: «Мікітавы прыгоды» (2000), «Камін» (2001), «Тайна часу» (2002), «Вечныя пытанні» (2003), «Тэатр жыцця» (2005), «Паланэз» (2007), «Наша зямля» (2008), «Колер і гук» (2009), «Думкі» (2012), «Сталкер» (2013), «Формулы жыцця» (2017), «Малюнкі хоку» (2018), «Дыялогі» (2020).
Аб паэтычных здольнасцях Алеся Клачкова пісалі вядомыя беларускія паэты Ніл Гілевіч, Алесь Пісьмянкоў і Анатоль Зэкаў.
Вершы Алеся Клачкова, шчырыя і адкрытыя, зіхацяць патаемным святлом глыбокіх думак і ў той жа час тояць у сабе натуральную прастату.Паэт не павучае, ён проста разважае аб жыцці ўслых і адказы на няпростыя пытанні шукае разам з чытачом. Аўтар вядзе гутарку на роўных, ніякім чынам нідзе не падкрэслівае сябе асабіста, нават займеннік «я» ў яго вершах цяжка знайсці. Душа аўтара нагадвае вялікую і разумную белакрылую птушку, якая на моцных прыгожых крылах імкнецца ў краіну Справядлівасці, Вернасці і Шчасця. Там Дабрыня, Сонца і дзіўная Песня вечнасці. Гэта вялікая белая птушка ўздымаецца за аблокі высока над зямлёй. Што яна аглядае і асэнсоўвае ў сваім палёце? Таямніцы часу і вечнасці, матэрыю і дух, сусвет і прастору, душу і цела, веру ў Бога і райскае жыццё, зямлю і неба, думкі і словы, завеі і зоркі, каханне і мары, журбу і жаданні, надзеі і падзеі, гукі і фарбы, спатканне і расстанне, зіму і лета, вясну і восень, жнівень і зарапад — усё тое, з чаго складаецца само жыццё.
На вечарыне памяці Аляксандра Клачкова прысутнічалі яго жонка Вольга Сцяпанаўна і дачка Таццяна, калегі па пяру і працы, супрацоўнікі кафедраў сельгасмашын, раслінаводства і лінгвістычных дысцыплін, прыхільнікі творчасці паэта, якія дзяліліся ўспамінамі пра гэтага светлага і сапраўднага чалавека.
Іх выступленні дапаўнялі і песні на словы паэта: «Буслы Беларусі» (муз. Яўгена Магаліфа), «Гімн коласу» (муз. Уладзіміра Кавалёва), «Жыві, акадэмія!» (муз. Ганны Калікінскай).
Дацэнт кафедры тэхнічнага сэрвісу і агульнаінжынерных дысцыплін, старшыня савета ветэранаў акадэміі Міхаіл Пархоменка і дацэнт кафедры сельгасмашын Уладзімір Кавалёў гаварылі пра Аляксандра Віктаравіча не толькі як пра вучонага, але і чалавека высокай інтэлігентнасці і культуры, у якога можна было павучыцца дабрыні і чалавечнасці.
Дацэнт кафедры лінгвістычных дысцыплін, рэдактар зборнікаў паэта, Вольга Зяньковіч дала падрабязную характарыстыку яго творчасці і адзначыла, што Алесь Клачкоў — чалавек са стабільнай, устойлівай ментальнасцю, заснаванай на двух найгалоўнейшых складніках: духоўным і нацыянальным.
Былы кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Парнас» Андрэй Пугач расказаў аб новым зборніку паэта, які падрыхтаваны ўжо да друку, і прачытаў свой верш-прысвячэнне, дзе выкарыстаў і радкі Алеся Клачкова.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Ніканчук, паэты Святлана Цярэшка і Аляксандр Ведзянееў падзяліліся ўспамінамі аб сустрэчах з паэтам і таксама прачыталі свае вершы-прысвячэнні.
Ветэран педагагічнай працы Людміла Дзёменская гаварыла пра высокую інтэлігентнасць і дабрыню Аляксандра Віктаравіча, а яшчэ і пра неабходнасць вывучаць творы мясцовых паэтаў на ўроках літаратуры ў школах.
Дацэнт кафедры раслінаводства, саліст вакальна-эстраднай студыі ЦСМТ «Золак» Вольга Саломка расказала аб вершах, напісаных паэтам у жанры японскай паэзіі хоку, якім так па-майстэрску валодаў Аляксандр Віктаравіч. Своеасаблівасць гэтых вершаў заключаецца ў вобразнасці і нешматслоўнасці, што адпавядала і ўнутранаму стану паэта. Таксама Вольга Саломка выканала песню «Там нет меня».
Жонка паэта Вольга Сцяпанаўна і дачка Таццяна расказалі, якім цудоўным сем’янінам — мужам і бацькам — быў Аляксандр Віктаравіч, пра яго рознабаковыя таленты і захапленні і падзякавалі прысутным за добрыя словы.
Настаяцель храма ў гонар іконы Божай Маці «Спарыцельніца хлябоў» Мікіта Храмянкоў гаварыў аб неабходнасці цярпліва несці свой крыж дзеля ўратавання душы — не важна, які адведзены чалавеку жыццёвы шлях, кароткі ці доўгі, і прывёў прыклады з жыцця святых.
Так і Аляксандр Віктаравіч Клачкоў дастойна нёс свой нялёгкі крыж і заўсёды звяртаўся да Бога ў любых абставінах. У кожным радку паэта, як у люстэрку, выяўлялася яго душэўная дабрыня. Мабыць, варта і нам пераняць у яго гэтую неўміручую якасць, якая сапраўды робіць чалавека чалавекам:
За скарб жыцця прымаю дабрыню:
Як людзям не хапае добрых спраў.
І з чыстым сэрцам часам падману,
Каб толькі дрэнным нейкі сказ не стаў.
Як часам не хапае добрых слоў
Паміж чужых і родненькіх людзей.
Без слоў спагады нішчыцца любоў
І сэнс знікае ў пошуку надзей.
Людміла ДЗЕРУЖКОВА
кіраўнік народнага літаратурнага
аб’яднання «Роднае слова»