Сусветнае прызнанне беларускага рамяства

Сусветнае прызнанне беларускага рамяства

Вестку з далёкай паўночнаафрыканскай краіны Марока ўсюдыісны Інтэрнэт імгненна “дакаціў” і да нашага горада. І калі некаторыя чытачы, магчыма, не звярнулі на яе ўвагу, нашы майстрыхі саломапляцення гэту інфармацыю ўспрынялі з асаблівай радасцю. Зоя Чандакова, загадчыца Дома рамёстваў ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Горацкага раёна” (на здымку), падзялілася навіной з журналістамі

А яна і сапраўды заслугоўвае ўвагі. 1 снежня ў Марока адбылася 17-я сесія Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. На ёй прагучала і беларуская тэма. Прынята рашэнне аб уключэнні намінацыі “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні” ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта прызнанне беларускага брэнда на міжнародным узроўні і высокая ацэнка творчай працы майстроў саломапляцення.

Вырабы з гэтага прыроднага матэрыялу і сапраўды ўсюды асацыіруюц­ца з нашай краінай. Яны не маюць аналагаў у свеце. Знакаміты беларускі эксклюзіў сведчыць аб творчых здольнасцях жыхароў Сінявокай і іх працавітасці. Прыхільнасць да выкарыстання саломкі ў якасці матэрыялу для розных прадметаў побыту беларусы дэманстравалі на працягу не адной тысячы гадоў. І добра, што ў апошні час традыцыйнае народнае рамяство атрымала, як кажуць, другое жыццё.

У 2019 годзе ў краіне быў вывучаны і зафіксаваны сучасны стан бытавання саломапляцення. Аказалася, што яно прадстаўлена ў 85 рэгіёнах Беларусі. А носьбітамі з’яўляюцца больш за 200 майстроў, 20 з іх маюць ганаровае званне “Народны майстар Беларусі”. Усе гэтыя нашы суайчыннікі, у асноўным жанчыны, прадстаўляюць рамяство на высокім мастацкім узроўні.

Чаму так радаваліся навіне ў Горках? Зразумела, наш раён у ліку тых 85 па краіне, дзе прадстаўлена саломапляценне, прычым даволі салідна. Аж 13 майстрых валодаюць гэтым рамяством дасканала, дзве з іх — Ірына Хізанейшвілі і Алена Зушчык — ма­юць ганаровае званне “Народны майстар Беларусі”. У вобласці ім адзначана творчасць шасці прыхільніц саломкі.

Неаднаразова мела шчасце сустракац­ца з нашымі таленавітымі майстрыхамі. Гэта сапраўды апантаныя сваёй справай людзі. Ірына Хізанейшвілі— адна з іх. Яе творчасць прызнана ў краіне і адзначана ганаровым званнем. Кіруе народным аматарскім аб’яднаннем “Скарбніца”, якое згуртавала майстроў саломапляцення. Асаблівая заслуга Ірыны Віталь­еўны ў тым, што менавіта яна занялася і адрадзіла ў нашым краі спіральнае саломапляценне, ці пляценне са жгутоў. Знаўцы сцвярджаюць, што менавіта гэты спосаб самы старажытны ў рабоце з залацістым прыродным матэрыялам. Нямала давялося папрацаваць жанчыне, каб разгадаць усе нюансы такой невядомай дагэтуль справы. І цяпер у калекцыі, якая створана яе залатымі рукамі, больш за дваццаць унікальных рэчаў, максімаль­на набліжаных да тых, якія выраблялі і якімі карысталіся нашы продкі: кошык, бахілы, кузуб, кашолка, сявенька і іншыя. Некаторым вырабам Ірына Вітальеўна надала сучасны выгляд, аздобіўшы пэўнымі дэталямі, што зрабіла іх і практычнымі, і яшчэ больш прыгожымі.

Ірына Хізанейшвілі са старэйшага пакалення майстрых саломапляцення. Настаўніцай лі­чыць Зою Чандакову, якая стала для многіх чалавекам, шчод­ра падарыўшым свае ўменні. А эпоха адраджэння саломапляцення на горацкай зямлі пачалася дзякуючы актыўнай дзейнасці яшчэ дзвюх вядомых майстрых — Ірыны Беляковай (цяпер працуе дырэктарам установы культуры “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Магілёўскі абласны драматычны тэатр”) і Таццяны Тапарковай, якая пераняла ўменні ў маці, народнага майстра Ганны Саланенка. Працэс атрымаў паспяховы працяг, знайшоў нямала таленавітых прыхільнікаў. Алена Зушчык, Святлана Конус, Таццяна Зайцава, Алена Кудраўцава, Святлана Цуправа авалодалі рамяством на практыцы. У кожнай з іх свой шлях да гэтай справы. Таццяна Зайцава, напрыклад, захапілася ёй, калі сын вучыўся ў школе мастацкіх рамёстваў. У “Скарбніцу” прыйшла ў 2005 годзе. Сёння працуе ў ёй тэхнікам. Разам з калегамі на працягу многіх гадоў яны плённа працуюць з саломкай, ствара­юць непаўторныя рэчы, дэманструюць іх народу на шматлікіх фестывалях, святах у родным горадзе і ў іншых мясцінах Беларусі.

Гэтак жа творча выкарыстоўваюць прыродны матэрыял прадстаўніцы маладзейшага атраду майстрых. Сярод іх Анжэла Блахіна, Наталля Аўласевіч, Вольга Макеева, Таццяна Северцава і іншыя. Анжэла Блахіна і Наталля Аўласевіч, да прыкладу, гэтым рамяством захапіліся ў школьныя гады. Спачатку займаліся ў гуртку Дома рамёстваў, потым вучыліся ў дзіцячай школе мастацтваў. Першай настаўніцай для іх стала Ірына Белякова. Дарэчы, менавіта Ірына Анатольеўна была ініцыятарам стварэння аб’яднання “Скарбніца” і студыі “Чара­дзейка”. Вучаніцы сталі дастойнымі прадаўжальніцамі справы настаўніцы. Цяпер Анжэла працуе намеснікам дырэктара дзіцячай школы мастацтваў і мастацкіх рамёстваў, Вольга — метадыст Дома рамёстваў. Прыняты ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. У саставе творчага саюза на цяперашні час дзе­вяць прадстаўніц нашай “Скарбніцы”.

Усіх гэтых майстрых можна смела называць носьбітамі рамяства, бо ўзровень іх уменняў і навыкаў надзвычай высокі. І важна тое, што яны перадаюць вопыт працы з унікальным прыродным матэрыялам новым пакаленням. Супрацоўнікі раённага Дома рамёстваў, а таксама выкладчыкі школы рамёстваў ахвотна праводзяць майстар-класы, семінары-практыкумы для дзяцей і моладзі. У выніку кола прыхільнікаў саламянага рамяства пашыраецца.

Нават у сельскай мясцовасці юныя жыхары нашага раёна маюць магчымасць пазнаць яго сакрэты. І там майстрыхі шукаюць таленавітых дзетак. У аграгарадках Леніна, Паршына, Аўсянка і іншых выкладчыкі школы рамёстваў перадаюць юным вяскоўцам веды, вучаць ствараць прыгожыя рэчы з матэрыялу, які дае шчодрае збожжавае поле. І тым самым беражліва ставяцца да гісторыі роднага краю.

Гэта значыць, старажытнаму рамяству нашых продкаў жыць!

Тамара ІВАНОВІЧ
Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА

Последние новости

ВНС

Владимир Павловский: «Голос молодежи на ВНС станет драйвером конкретных решений»

17 декабря 2025
Читать новость
Новости

Белорусскому кино – больше века

17 декабря 2025
Читать новость
Главные новости

Резиденция Деда Мороза распахнула свои двери для детей на базе отдыха «Мерея» в агрогородке Ленино

17 декабря 2025
Читать новость
Сад и огород

Сколько раз на одном месте можно сажать клубнику: главная ошибка 90% дачников

17 декабря 2025
Читать новость
Приемы и прямые линии

Выездной прием граждан и представителей юридических лиц будет осуществлять заместитель председателя райисполкома

17 декабря 2025
Читать новость
ВНС

Ветеран труда Любовь Волчкова: «Молодежи предстоит дальше строить и укреплять нашу Беларусь»

17 декабря 2025
Читать новость

Рекомендуем