Проект «80 мирных лет» рассказывает, о чем писала газета в 1958 году

Нагадваем нашым чытачам асноўныя падзеі ў гісторыі роднага раёна за 1958 год, гартаючы старонкі раённай газеты «Ленінскі шлях»
Раённы аддзел культуры ў пачатку года атрымаў тры камплекты новай кінаапаратуры, якая працуе на 16-міліметровай плёнцы. Усе яны запушчаны ў эксплуатацыю для абслугоўвання жыхароў населеных пунктаў, дзе яшчэ не створаны добрыя ўмовы для дэманстрацыі фільмаў (нумар за 12 студзеня).
● Па-ранейшаму на старонках газеты галоўны герой – чалавек працы. Пра перадавую птушніцу калгаса «Шлях сацыялізму» Анастасію Трафімаўну Шудлеўскую паведамляецца ў № 9. Тая добрасумленнасць, з якой адносіцца да справы, дапамагае жанчыне дабівацца добрых вынікаў. Яна ўдзельніца Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі. Прозвішча працаўніцы занесена ў абласную Кнігу гонару.
● Каб горад быў прыгожым, разам з узвядзеннем культурна-бытавых пабудоў, жылых дамоў, ажыццяўляецца і пасадка дрэў. І ў гэтай справе асабліва стараюцца працаўнікі лясгаса, адзначае аўтар І. Марчанка ў нумары за 16 мая. Пасля рабочага дня яны рыхтуюць ямы і садзяць дрэвы. Вялікая колькасць іх з’явілася на вуліцах горада, у тым ліку і па Мсціслаўскай вуліцы. А 11 ліпеня газета паведаміла, што з дапамогай грамадскасці пасаджана 2740 дрэў. Рэзка змянілі выгляд вуліцы Куйбышава, Бруцэра-Ерафееўская, Вакзальнае шасэ.
● У БСГА адкрыта новае аддзяленне завочнага факультэта па спецыяльнасці «бухгалтарскі ўлік», на якое будзе прынята 200 чалавек (№ 59).
● У Горскай сярэдняй школе, паведамляе газета 25 мая, створана дзевяць цімураўскіх каманд з ліку вучняў 5–6 класаў. Яны дапамагаюць хворым і старым жыхарам з такімі работамі, як апрацоўка агародаў, развозка ўгнаенняў на прысядзібных участках.
● Некаторыя калгасы пачалі выраб цэглы ўласнымі сіламі. Абпал першых партый гэтага будаўнічага матэрыялу адбыўся ў сельгасарцелі імя Жданава – каля 8 тысяч штук. Цэглу-сырэц тут вырабляюць уручную.
● І яшчэ адна інфармацыя з гэтага ж нумара за 27 ліпеня. Калгас «Бальшавік» выдзеліў Асіповіцкай сямігадовай школе гектар зямлі і адпусціў насенне для вырошчвання кукурузы. Вучні 3–6 класаў угноілі глебу, апрацавалі яе і пасеялі культуру. Пасля з’яўлення ўсходаў утрымліваюць іх у чыстым стане.
● Некалькі навуковых супрацоўнікаў БСГА выступілі ініцыятарамі адпрацаваць на добраўпарадкаванні акадэмічнага гарадка па 30 гадзін і заклікалі калег паследаваць іх прыкладу (нумар за 3 жніўня).
● Цікавая інфармацыя з нумара за 10 верасня. Кожны дзень паміж гарадамі Горкі і Магілёў курсіруе дзесяцімесны самалёт АН-2. «За 30 мінут можна папасць у Магілёў, тады як на аўтобусе туды прыедзеш не раней чым праз пяць гадзін», – для многіх сённяшніх вадзіцеляў гэта паведамленне здасца дзіўным.
● Аб добрых падзеях напярэдадні новага, 1959 года, у вёсцы Горы паведаміла газета ў нумары за 30 снежня. Адна з іх – жыхары будуць сустракаць свята пры электрычным святле. Мясцовы калгас імя Свярдлова штогод атрымлівае мільённыя даходы. У вёсцы ёсць бальніца, ветэрынарны пункт, прамтаварны, кніжны, прадуктовы і нарыхтоўчы магазіны.
Падрыхтавала Тамара ДРАЗДОЎСКАЯ








