Проект «80 мирных лет» рассказывает, о чем писала газета в 1954 году

У майскіх нумарах раённая газета інфармавала чытачоў аб тым, як працуюць механізатары
на веснавой сяўбе
У трактарнай брыгадзе № 7 Горацкай МТС, напрыклад, арганізавалі 2-зменную занятасць тэхнікі, а сярэдняя выпрацоўка на дызельны трактар складала 9,2 гектара.
● У сельгасарцелі імя Малянкова для будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў наладзілі выраб цэментна-гравійных пліт, што абыходзілася калгасу танна і замяняла сотні кубаметраў лесу.
● Каля 300 рабочых, служачых і калгаснікаў у гэтым годзе навучаліся ў Горацкай сярэдняй школе рабочай моладзі.
● «Аўтобус у горадзе» – так называлася невялікая заметка, надрукаваная ў № 60 за 30 мая. Магілёўская аўтатранспартная кантора выдзеліла г. Горкі пасажырскі аўтобус на 20 месцаў. Ён пачаў курсіраваць па маршруце гарадок БСГА – станцыя Пагодзіна.
● Урачыста адзначыў раён 10-годдзе вызвалення ў памятным 1944-м, калі Чырвоная армія выгнала захопнікаў з нашай зямлі. У нумары за 27 чэрвеня з выкарыстаннем лічбаў і фактаў у газеце было паказана, чаго дасягнуў Горацкі край за гэты час напружанай і стваральнай працы.
● Прамысловасць выпускала прадукцыі ў параўнанні з 1945 годам больш чым у 10 разоў. У 2 разы былі павялічаны пасяўныя плошчы калгасаў. Працаўнікі ўзвялі 6300 жылых дамоў калгаснікаў, 16 клубаў, адбудавалі вёскі Кукшынава, Тушавая, Мацюты, Чапялінка і многія іншыя.
● За час вайны разбуранымі аказаліся 9 сярэдніх, 7 сямігадовых і 47 пачатковых школ. Праз дзесяць год пасля вызвалення ў раёне функцыянавала 86 школ, у якіх навучалася больш 7800 дзяцей. Значная частка ўстаноў адукацыі была ўкамплектавана кваліфікаванымі кадрамі.
● У першы пасляваенны год працавала адна бібліятэка – раённая. У 1954-м іх было намнога больш:
9 сельскіх, 5 – пры хатах-чытальнях, раённая дзіцячая, дзясяткі бібліятэк у калгасах, МТС, на прадпрыемствах, ва ўстановах і школах.
● Традыцыйна газета расказвала пра лепшых працаўнікоў. Так, 25 жніўня героем публікацыі быў малады механізатар Пётр Коцікаў з калгаса імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён меў лепшы вынік на жніве: на рахунку лідэра было 277 гектараў.
● Яшчэ адзін механізатар-камсамолец, прадстаўнік Гарской МТС Уладзімір Сувееў за высокія паказчыкі ў выкарыстанні тэхнікі і выкананні гадавога вытворчага задання атрымаў узнагароду Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР – значок «Выдатнік сельскай гаспадаркі».
Падрыхтавала Тамара ДРАЗДОЎСКАЯ








