Працай іх доблеснай ганарыцца Маслакоўская зямля

Ёсць краіны цяплей. Невядомы там зімы,
Толькі тое цяпло не сагрэе душу.
А ў думках маіх сімвал шчасця – радзіма,
Светлы вобраз заўсёды ў сэрцы нашу.
І па роднаму краю я ўпэўнена крочу,
Але знаю адно: ёсць на гэтай зямлі
І малая радзіма, і любімы куточак,
Мой адзіны – аграгарадок Маслакі!
Валянціна Дзянісава
Кожны чалавек мае права ганарыцца сваёй краінай, грамадзянінам якой ён з’яўляецца, малой радзімай – мясцовасцю, дзе ён нарадзіўся. З гэтай мэтай людзі ўсё часцей звяртаюцца да гісторыі сваіх продкаў, аднаўляюць забытыя традыцыі і перадаюць з пакалення ў пакаленне, каб у будучым зноў не давялося па крупінках збіраць страчаныя звесткі.





Збор, захаванне, апрацоўка і папулярызацыя краязнаўчых матэрыялаў – асноўны напрамак дзейнасці бібліятэкі аграгарадка Маслакі Горацкага раёна.
У кожнай сферы – будзь гэта школа, бальніца, сельская гаспадарка – ёсць свае перадавікі, заслужаныя людзі, якія сваёй працай і адданасцю прафесіі ўнеслі і ўносяць дастойны ўклад у любімую справу, укладваюць часцінку душы ў выбраную прафесію.
Багатая Маслакоўская зямля працавітымі і таленавітымі людзьмі. Многія з іх узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Хтосьці за адметныя дасягненні ў навуцы, а хто проста добрасумленна працуючы на сваёй роднай зямлі. Сярод знакамітых землякоў Маслакоўскай зямлі:
Булахаў Міхаіл Гапеевічі (в. Маслакі, 1919-2012) – савецкі і беларускі мовазнавец, педагог, доктар філалагічных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР;
Клімаў Міхаіл Трафімавіч (в. Міхайлавічы, 1929) – герой Сацыялістычнай Працы, спецыяліст у галіне тэхнічнага абслугоўвання і рамонту абсталявання прадзільнай вытворчасці, Заслужаны настаўнік рабочай моладзі БССР;
Маненкаў Павел Васільевіч (в. Маслакі, 1897-1974) – доктар медыцынскіх навук, прафесар, Заслужаны дзеяч навукі Татарскай АССР. На працягу 25 год кіраваў рэспубліканскім навуковым таварыствам акушэраў‑гінеколагаў, быў членам вучонага савета Міністэрства аховы здароўя ТАССР, быў адным з рэдактараў Вялікай медыцынскай энцыклапедыі;
Новікаў Дзям’ян Раманавіч (в. Шапялёўка, 1896-1976) – заслужаны дзеяч культуры БССР, дырэктар (заснавальнік) бібліятэкі БСГА;
Цітоў Леанід Пятровіч (в. Міхайлавічы, 1946) – член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь.
Маслакоўскі край мае багатае мінулае, якое неабходна вывучаць і зберагаць для будучых пакаленняў. Гэта тычыцца, у тым ліку, гісторыі гаспадаркі і яе працаўнікоў. У выніку пошукава-даследчай дзейнасці стала вядома, што ў 1933 г. у Горацкім раёне была поўнасцю праведзена калектывізацыя, амаль усе сяляне былі ўцягнуты ў калгасы. У Маслаках у 1929 годзе быў арганізаваны калгас «Шлях Леніна» (з 1954 г. – калгас імя Маленкова), які спецыялізіраваўся на вырошчванні льна. У народзе кажуць: лён любіць паклон, а людзі, чый лёс звязаны з гэтай дзіўнай блакітнавокай культурай, удастоенай гонару ўпрыгожваць герб Беларусі, заслугоўваюць пашаны і павагі.
У 30-я гады на ўсю краіну было шырока вядома імя Домны Сцяпанаўны Каравосавай, ураджэнкі Горацкага раёна, якая ўстанавіла рэкорд па церабленні льну. Першай у раёне яна была ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”. Яе праца стала прыкладам для іншых калгаснікаў: ордэнам “Знак Пашаны” былі адзначаны 13 працаўнікоў гаспадаркі, 13 – ордэнам “Леніна”, 28 – ордэнам “Працоўнага Чырвонага Сцяга”, двое – ордэнам “Дружбы народаў” і яшчэ шмат якімі дзяржаўнымі ўзнагародамі была ўганаравана праца землякоў.
Развіваючы краязнаўчы напрамак, бібліятэкар філіяла “Маслакоўская сельская аб’яднаная бібліятэка” выкарыстоўвае разнастайныя формы работы і сістэматычна праводзіць мерапрыемствы. Склалася трывалая сістэма работы з настаўнікамі і вучнямі мясцовай школы, якія карыстаюцца краязнаўчымі матэрыяламі для правядзення ўрокаў гісторыі, прыродазнаўства, беларускай літаратуры, падрыхтоўкі адказаў на пытанні краязнаўчых конкурсаў і віктарын.
Так, 22 лістапада была наладжана гадзіна краязнаўства для вучняў 10 класа “Працай іх доблеснай ганарыцца родная зямля”. Бібліятэкар расказала пра знакамітых землякоў, ураджэнцаў Маслакоўскага сельскага савета, якія сваёй творчасцю, працай праславілі родную зямлю. Рабяты пазнаёміліся краязнаўчымі выданнямі бібліятэкі, якія расказваюць пра знакамітых землякоў Маслакоўскага краю, з базай даных “Мой адзін, самы любы аграгарадок, каторы – існасць: Маслакі!”, з краязнаўчай картатэкай.
У цяперашні час важна не толькі сабраць і апрацаваць краязнаўчыя матэрыялы, але і зрабіць іх даступнымі для як мага большай колькасці карыстальнікаў. З мэтай захавання, распаўсюджвання і папулярызацыі гістарычнай, духоўнай і культурнай спадчыны малой радзімы створана поўнатэкставая база даных “МАСЛАКІ: Мой Адзіны, Самы Любы, Аграгарадок, Каторы – Існасць”.
Электронны рэсурс, прадстаўлены на інфармацыйным сайце ДУК “Горацкая раённая бібліятэчная сетка”, уяўляе сабой паўнатэкставую фактаграфічную базу даных, якая складаецца з некалькіх раздзелаў: “Гісторыя”, “Прырода”, “Сельскі Савет”, “Эканоміка краю”, “Ахова здароўя”, “Асвета”, “Культурна-асветніцкія ўстановы”, “Людзі вёскі”, “Славутыя землякі”, “Нашы ардэнаносцы”, “Фотагалерэя”. База ўтрымлівае звесткі аб гістарычных падзеях, знакамітых ураджэнцах і памятных мясцінах вёскі Маслакі. Храналагічны перыяд – з 19 стагоддзя па цяперашні час. Матэрыялы дапоўнены бібліяграфіяй і фотаздымкамі.
Наперадзе яшчэ шмат задумак і творчых планаў і калі чытачы адносіцца з любоўю да сваёй малой радзімы, ведаюць свае карані, шануюць гісторыю і традыцыі свайго народа значыць праца бібліятэк у краязнаўчым напрамку не дарэмная.
Валянціна ДЗЯНІСАВА
бібліятэкар філіяла “Маслакоўская сельская аб’яднаная бібліятэка”
ДУК “Горацкая раённая бібліятэчная сетка”