У дзіцячай школе мастацтваў і мастацкіх рамёстваў для першакласнікаў адбылося традыцыйнае пасвячэнне у рамяство

Свята «Пасвячэнне ў рамяство» стала традыцыйным праводзіць у дзіцячай школе мастацтваў і мастацкіх рамёстваў на восеньскіх канікулах для дзяцей, якія прыйшлі ў першы клас
Дзяцей сустракаў лялечны тэатр, дзе галоўнымі героямі былі бацька з маці і тры сыны: Мікіта, Улас і Іван. Старыя бацька і маці адправілі сваіх сыноў вандраваць па свеце, каб яны навучыліся якой-небудзь карыснай справе. І вось, браты трапілі ў цудоўны горад майстроў.
Вучні паказалі братам, што такія маленькія рукі могуць зрабіць рэчы, неабходныя для паўсядзённага побыту.
Хлопцы зразумелі, што кожная справа карысная і патрэбная. І ў нашых першакласнікаў ужо ёсць чаму навучыцца.
Дзеці разгадвалі загадкі, малявалі казачных герояў, гулялі ў гульні, прымалі ўдзел у эстафетах. Іх твар не пакідала добрая, радасная ўсмешка, а вочы зіхацелі шчырасцю і натхненнем.
Вучням, якія прымалі ўдзел у міжнародных конкурсах, вядучая свята ўручыла дыпломы.
Усіх усхваляваў урачысты момант пасвячэння першакласнікаў у рамеснікі. Узяўшыся за рукі, настаўнікі школы рамёстваў стварылі імітаваны “ручай”, праз які праходзілі дзеці. На памяць аб свяце кожны першакласнік атрымаў саламяную зорачку і наказ, каб такія маленькія “зорачкі” разгараліся ўсё мацней і станавіліся вялікімі “зоркамі”.
Галоўныя героі свята пажадалі першакласнікам вырасці да сапраўдных майстроў, славіць сваімі цудоўнымі творамі школу і наш горад.
Падарункам для першакласнікаў і гасцей свята стала казка “Прыгоды Насці ў казачнай краіне”, якую прапанавалі ўдзельнікі студыі батлеечных лялек “Дзіва”.




Людміла СТАЎСКАЯ,
дырэктар школы мастацтваў і мастацкіх рамёстваў







