Расказваем пра Любоў Валчкову, якая дзесяцігоддзямі публікуе на старонках раённай газеты свае цікавыя матэрыялы пра землякоў

Расказваем пра Любоў Валчкову, якая дзесяцігоддзямі публікуе на старонках раённай газеты свае цікавыя матэрыялы пра землякоў

У прафесійнае свята — Дзень друку — мы расказваем пра нашу памочніцу, пазаштатнага аўтара Любоў Валчкову, якая на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў публікуе на старонках раённай газеты свае змястоўныя і цікавыя матэрыялы пра землякоў, значныя падзеі з жыцця Рэкцянскага сельсавета, а таксама дзеліцца сваімі разважаннямі па самых актуальных пытаннях сучаснасці

Добры летні дзянёк, навокал сонечна, светла, ужо абсохлі апошнія кроплі ранішняй расы, высока ў небе снуе туды-сюды непрык­метная, ледзь бачная кропачка, хуценька перабірае малюсенькімі крыльцамі і заліваецца прыемным мілагучным спевам – гэта жаўранак вітае новы дзень сваёй непаўторнай мелодыяй. Любачка раз-пораз уздымае ў неба павязаную новенькай блакітнай хустачкай сваю дзіцячую галаву, любуецца птушкай, нейкі момант слухае непаўторны спеў, потым зрываецца з месца, подбегам даганяе свайго старэйшага брата і ўжо крочыць з ім нага ў нагу. На твары дзяўчынкі адсвечваецца радасць, схаваная сіла намеру і натхнення. Сёння ў Любачкі самы шчаслівы дзень у жыцці – яна крочыць насустрач сваёй запаветнай мары: пройдзе некалькі хвілін – і яна будзе праз невялікае акенца самалёта, які ўздымецца з мясцовага аэрадрома, з вышыні палёту назіраць за прыгожымі краявідамі родных мясцін, трапятаць, як той жаўраначак, а душа будзе спяваць нікому не зразумелую песню – песню жыцця, у будучым вельмі працавітай, адказнай, улюбёнай у кнігу, у жыццё і людзей жанчыны.

Вось так пачынаўся палёт, працягам у доўгую жыццёвую дарогу, пакуль толькі што скончыўшай Будскую сельскую васьмігадовую школку Любы Мяжэннай.

Мне ўсяго толькі семдзясят сем, – з азартам, і ў тую ж хвіліну з сумам у вачах, сцвярджае Любоў Елізараўна, быццам падводзіць вынік зробленаму. 

І, гледзячы на гэтую жанчыну і разумеючы, што яна не збіраецца спыняцца, міжволі ўзнікае пытанне:

– А сапраўды, многа гэта ці мала? І вось ён адказ: для каго як. Калі чалавек проста таптаўся па жыцці, ускладваючы адказнасць на другіх, калі прытрымліваўся правіла «мая хата з краю», то, думаю, што многа, і ён стаміўся ў жыццёвай дарозе, а калі і ў семдзясят сем яшчэ не паспеў усё зрабіць, і не хапае нейкай хвіліны, каб паспяваць за хуткім бегам часу, то судзіце самі…

Любові Елізараўне заўсёды не хапала часу, каб усюды паспець, а паспяваць трэба было многа дзе: у дзяцінстве – дапамагчы бацькам па гаспадарцы, у школе вучыцца на выдатна, пасля школы не спазніцца на самалёт, у які проста ўпіхнуў старэйшы брат, каб яна змагла даляцець да Магілёва і паступіць на вучобу ў бібліятэчны тэхнікум, а потым заняцца любімай справай. Так і пакацілася, завіравала жыццё.

– Многа кніг было ў маім жыцці, цэлыя бібліятэкі, – успамінае Любоў Елізараўна, – а сваю першую кніжку, як і першую бібліятэку забыць не магу. Кніжкі тады шанавалі, бераглі. Калі я прынесла дадому кніжачку, то доўга не магла знайсці месца для яе ў хаце, – увесь час хвалявалася, каб не згубіць. Спачатку кніжачку схавала пад столлю на шосце, заўважыў брат і спароў вілашнікам, знайшла месца ў кадушцы ў сенечках і закапала ў зерне. І ўжо калі маці сказала, што кнігу могуць пашкодзіць мышы, то я ўсюды насіла яе з сабой. Мая мара здзейснілася, праз усё жыццё я пранесла любоў да кнігі, яна заўсёды была са мною, крок у крок мы ішлі з ёю. Працавала я спачатку ў Ракцянскай бібліятэцы, потым у Сенькаўскай – усюды мясцовыя жыхары сустракалі мяне з любоўю і павагай. І я іх таксама вельмі любіла, і гэта былі залатыя гады майго кніжнага жыцця.

Хутка бяжыць веласіпед па брукаванай дарозе, прытка перабірае нагамі яго педалі маладая жанчына. Яна толькі што ўправілася з дамашняй гаспадаркай, накарміла сям’ю – і на працу, ведае, чакаюць яе. Наша Люба – так міла называюць яе вяскоўцы. Бібліятэку наведваюць і дзеці, і моладзь, і даволі ўжо ў гадах мясцовыя жыхары: каму кніжку, каму часопіс, а каго проста выслухаць трэба. Сярод наведвальнікаў – ветэраны вайны і працы, якія, хаця і з неахвотай, а ўсё ж дзеляцца падзеямі недалёкага ліхалецця. На ўсё і на ўсіх хапае ў Любові ўвагі, і яна сама не заўважае, як захапляецца пошукам загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны воінаў, звязваецца з іх роднымі, сустракае гасцей з розных куткоў Савецкага Саюза, суправаджае іх да месц захараненняў і зноў збірае матэрыял: зноў пошук, зноў сустрэчы, якія не спыняюцца і зараз. Ніводзін ветэран, які пражывае на тэрыторыі сельсавета не застаецца без увагі. Сабраны багаты публіцыстычны матэрыял пра подзвіг не толькі землякоў, але і пра салдат, воляй лёсу закінутых на нашу тэрыторыю, і загінуўшых тут, на нашых палях. Вось так у  жыцці Любові Елізараўны з’яўляецца яшчэ адна адказная справа, якая ўжо не адпусціць жанчыну, перад памяццю тых, хто ў свой час, не задумваючыся, ішоў бараніць Радзіму ад ворага.

Не злічыць цікавых сустрэч, мерапрыемстваў патрыятычнага характару, праведзеных Любоўю Елізараўнай. Яна заўсёды жаданы госць у школах, раённай бібліятэцы, музеі.

Ізноў імчыць веласіпед, ізноў некуды спяшаецца наша Люба! Куды на гэты раз, Любоў Елізараўна?

– Ой, – хвалюецца жанчына, была на могілках у Папкоўцы, прыбіралася пасля зімы, падфарбавала, пачысціла ад бруду помнікі, загінуўшаму ў час вайны лётчыку на тэрыторыі нашага сельсавета і зверскі замучанай партызанцыВараб’ёвай Дуні і думаю: я ж не вечная, цяжкія ўжо ногі, слабеюць рукі і няма той прыткасці – хто дагледзіць могілкі?

Увесь час у палёце Любоў Елізараўна. Даўно няма бібліятэкі ў Сенькаве, а мясцовыя старажылы і сёння ўспамінаюць нашу Любу добрым словам і, мабыць, сумуюць час ад часу аб пражытым. Вось толькі гераіні нашага нарысу няма калі сумаваць, таму яе жыццёвы палёт працягваецца. І хачу вам адкрыць сакрэт жыццёвай стойкасці гэтай сапраўды ўлюбёнай у жыццё і сваю Зямлю жанчыны. Ёсць у Любові Елізараўны дэвіз, крэда, з якім яна крочыць па жыцці: «Не трэба жыць як набяжыць. Так жыць на свеце трэба, Каб да апошніх дзён любіць людзей, зямлю і неба…»

Людміла ДЗЁМІНСКАЯ
Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА

Последние новости

Новости

Александр Лукашенко поздравил работников и ветеранов радио, телевидения и связи с профессиональным праздником

7 мая 2026
Читать новость
Новости

Народные приметы на 7 мая: что нельзя делать в этот день

7 мая 2026
Читать новость
Новости

Гороскоп на 7 мая 2026 года: что обещают астрологи

7 мая 2026
Читать новость
Главные новости

ФОТОФАКТ: Горки приняли участие в ежегодной акции «Вальс Победы»

6 мая 2026
Читать новость
РОЧС

Горецкий РОЧС напоминает: АПИ – доступное и высокоэффективное средство, спасающее тысячи жизней

6 мая 2026
Читать новость
Здоровые Горки

Как проходит месячник ЗОЖ у граждан пожилого возраста и людей с инвалидностью

6 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем