Няпросты шлях салдата і журналіста Сцяпана Сідарава

Памяць захавала сотні сустрэч з людзьмі, якія чымсьці запомніліся. Але з гэтым чалавекам звязаны асаблівыя ўспаміны…
Сцяпан Фёдаравіч Сідараў нарадзіўся ў 1922 годзе на Дрыбіншчыне. У 1941 годзе закончыў Чэрнеўскую сярэднюю школу і вырашыў паступаць у Ленінградскае ваенна-медыцынскае вучылішча. Фактычна ён быў ужо залічаны ў яго. Але стаць ваенным медыкам Сцяпану не было суджана.
Вось якую храналогію прыводзіць ён сам у сваіх успамінах «Па танках… Бранябойнымі!..», выпушчаных у свет у 1997 годзе.
«16 чэрвеня атрымаў атэстат аб заканчэнні сярэдняй школы, 20 – паведамленне, што залічаны кандыдатам у вучылішча. Адначасова з гэтым прыйшла і павестка з Дрыбіна з’явіцца ў райваенкамат на прызыўную камісію.
21 чэрвеня да ўказанага часу з’явіўся ў Дрыбін. Паказаў свае паперы, што прыйшлі з Ленінграда, а райваенком сказаў:
– Спазніўся, малады чалавек. Раз табе прыйшоў тэрмін служыць сапраўдную службу, пойдзеш туды, куды цябе накіруем.
…А назаўтра грымнула вайна… І весткі сумней адна за другую прыходзілі з фронта».
Пасля таго, як немцы акупіравалі Мінск, уся моладзь навакольных вёсак была накіравана на будаванне абарончых рубяжоў. Капалі супрацьтанкавы роў на захад ад Шклова.
Туды ж Сцяпану і яго аднагодкам прывезлі павесткі аб прызыве ў Чырвоную армію.
Так пачаліся яго суровыя ваенныя будні. Доўгачаканую Перамогу сустрэў на Эльбе.
Вось як ён сам успамінаў аб апошніх гадзінах той самай страшнай з усіх войнаў, якая ўнесла мільёны чалавечых жыццяў… «Відовішча было дзівоснае. На адным баку вуліцы стаялі выстраеныя ў шарэнгу па чатыры нямецкія салдаты і камандзіры. Твары іх падаўленыя, апушчаны, у многіх зараслі шчаціннем. Раптам старшы нямецкі афіцэр падаў каманду, і са строю адзін за другім сталі выходзіць на плошчу салдаты і кідаць аўтаматы ў адну кучу, вінтоўкі – у другую, гранаты – у трэцюю.
Працэс раззбраення працягваўся прыкладна паўгадзіны. А на беразе Эльбы ў гэты час было сапраўднае стоўпатварэнне. Сабралася амаль усё мясцовае насельніцтва.
У той жа дзень мы сустрэліся з амерыканцамі. Сустрэча была цёплая, добразычлівая. Савецкія і амерыканскія салдаты ціснулі адзін аднаму рукі, абдымаліся, цалаваліся.
І сцвярджалі, што ўжо канец вайне, што дружба, народжаная ў ёй, будзе на вякі.
Лёгкакрылай птушкай данеслася да нас вестка, што 2 мая завяршылася Берлінская аперацыя. Гэта яшчэ больш узняло наш настрой».
За свой ратны подзвіг Сцяпан Фёдаравіч Сідараў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, Славы ІІІ ступені, многімі медалямі. У час баявых дзеянняў быў ранены і атрымаў інваліднасць другой групы.
Пасля вайны закончыў Беларускі інстытут народнай гаспадаркі і на працягу многіх год працаваў у раённых газетах Дрыбіна, Ляхавічаў, Шклова.
Вялікі адрэзак жыццёвага шляху Сцяпана Фёдаравіча Сідарава звязаны з Горкамі. Доўгія гады працаваў намеснікам рэдактара раённай газеты, і многія журналісты з поўным правам называлі яго сваім настаўнікам. Асабліва цёпла адносіўся ён да пачынаючых аўтараў: рэдагаваў іх рукапісы, падказваў тэмы, даваў канкрэтныя заданні.
Усе пасляваенныя гады, акрамя публіцыстыкі, Сцяпан Фёдаравіч па крупінках збіраў успаміны сваіх баявых паплечнікаў, з якімі прайшоў шлях ад Волгі да Эльбы, граміў ворага ў саставе другой батарэі 178-га артылерыйска-мінамётнага палка 5-й гвардзейскай кавалерыйскай дывізіі. Большая частка ўспамінаў жывых сведкаў тых страшных дзён і начэй, бачыўшых вайну сваімі вачыма, увайшла затым у апублікаваныя салдацкія мемуары.
У іх няма прывычнага для выданняў глянцу. Яны простыя, як, між іншым, і ўсё жыццё, якое пражыў салдат і журналіст Сцяпан Фёдаравіч Сідараў. У памяці тых, хто яго ведаў, ён застанецца чалавекам з аголенымі нервамі, нераўнадушным і ўлюбёным у жыццё.
Людміла ГАНЧАРОВА,
заслужаны журналіст грамадскага аб’яднання
«Беларускі саюз журналістаў»








