У Дзень роднай мовы журналіст дзеліцца ўспамінамі аб сваіх настаўніках беларускай мовы і літаратуры Людміле Яворскай і Уладзіміры Фабрыставе

21 лютага – Дзень роднай мовы
У гэтую святочную дату з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаю сваіх настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Людмілу Яворскую і Уладзіміра Фабрыстава. Доўгія гады жыцця яны выкладалі родную мову ў другой сярэдняй школе горада. А Уладзімір Якаўлевіч, удастоены высокага звання “Выдатнік народнай асветы БССР”, быў бяссменным дырэктарам установы адукацыі з 1965 па 1983 гады, пакуль не выйшаў на заслужаны адпачынак
Гэтыя сапраўдныя, вялікія, аўтарытэтныя настаўнікі прывілі любоў і павагу да беларускай мовы і літаратуры, да Радзімы, народных традыцый і культуры сваім шматлікім вучням. Дарэчы, менавіта яны вучылі і маю матулю Лідзію Максіміхіну, выспускніцу 1966 года, у якой таксама застался самыя светлыя ўспаміны пра гэтых і іншых педагогаў. Узгадваючы такіх людзей і іх урокі, адразу перад вачыма паўстаюць светлыя вобразы Настаўнікаў з вялікай літары, якіх вызначалі чалавечнасць, душэўнае цяпло, жыццёвая мудрасць, цярпенне і справядлівасць.
З цеплынёй і пяшчотай успамінаюцца традыцыйныя словы Людмілы Уладзіміраўны пад час кожнай класнай работы: ”Прапусціце два радкі, запішыце дату”, а таксама цёплае святло васільковых вачэй Уладзіміра Якаўлевіча, калі ён уважліва слухаў, як вучні дэкламуюць вершы ці ўрыўкі з прозы. У такія моманты душу накрывае настальгія пра школьныя гады і педагогаў, якія шмат нам перадалі, вучылі нас не толькі свайму прадмету, адкрывалі прыгажосць роднага слова, адметнага маўлення са “звонкім “дзе” і глухім “чаго”, а і давалі бясцэнныя ўрокі дабрыні, чалавечнасці, годнасці, патрыятызму, што называюць “разумным, добрым, вечным”.
Людміла Уладзіміраўна была нашай адной з любімых настаўнікаў школы. Яна вяла ў нас урокі ў сярэдніх класах, а Уладзімір Якаўлевіч – у старэйшых. Абодва – выпускнікі Аршанскага настаўніцкага інстытута (1949 г.), а Уладзімір Фабрыстаў яшчэ і выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Людміла Уладзіміраўна прыехала ў Горкі па размеркаванні ў 1949 годзе і працавала ўвесь час у СШ № 2 да 1984 г. У клас яна ўваходзіла з усмешкай і ў добрым настроі, заўжды сціпла апранутая, сабраныя, заколатыя, валасы, непаўторная манера трымацца і маўлення на такой пявучай і прыгожай беларускай мове. Яна не толькі адкрыла нам цудоўны свет спадчыны беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, дапамагла разумець мову нашага народа праз славутых класікаў, а і вучыла жыццю. Памятаю, як разбіралі апавяданне Змітрака Бядулі “Пяць лыжак заціркі”, дзе мы не разумелі пра такую ежу. А Людміла Уладзіміраўна прыгадала яшчэ адну страву бедных сялян польскага часу – лупіны. У маленстве яе матуля рабіла ў пана і прыносіла дамой бульбяныя ачысткі, з якіх і гатавала гэтыя лупіны. “А зараз некаторыя з вас булачку ў буфеце купіце і кажаце, што яна несмачная…”, – заўважала настаўніца. Такія і іншыя яе ўрокі жыцця былі бясцэннымі і запомніліся назаўсёды.
Людміла Уладзіміраўна была вельмі таленавіты і справядлівы педагог, яе паважалі і любілі вучні і іх бацькі. Яна мела высокі аўтарытэт сярод калег, была вельмі сціплай і чалавечнай. Праз гады пасля заканчэння школы, сустракаючы яе на цэнтральнай плошчы горада, мы заўсёды былі рады сустрэчы.
На ўрокі да Уладзіміра Якаўлевіча мы прыйшлі ў 9-10 класах. З ім вывучалі сур’ёзныя жыццёвыя творы Івана Мележа і Уладзіміра Караткевіча, паэзію Пімена Панчанкі і Рыгора Барадуліна… Разважалі на філасофскія тэмы, слухалі меркаванні нашага настаўніка і на прыкладах літаратурных герояў шукалі адказы на многія жыццёвыя пытанні.

Тады мы не ведалі, што Уладзімір Якаўлевіч, дарэчы, быў выпускніком гэтай жа школы, толькі ў той час яна звалася горацкая руская школа, пра яго цяжкія франтавыя раненні і жыццёвы шлях патрыёта сваёй малой радзімы. Што яго выпускны выпаў на 21 чэрвеня 1941 года. Сустрэлі світанак і ў той жа дзень жудасную вестку пра вайну. А 12 ліпеня, да моманту акупацыі горада, быў прызваны ў рады Чырвонай арміі. Калону навабранцаў са зборнага пункту з ліку выпускнікоў школ, як ён, і студэнтаў сельгасінстытута накіравалі на ўсход, пешшу па шляху на Смаленск. Па дарозе каля вёскі Горы іх першы раз разбамбілі нямецкія самалёты. З цяжкасцямі і рызыкай трапіць пад кулі самалётаў і ў палон у захвачаных фашыстамі вёсках, яму і групе хлапцоў пашчасціла дабрацца да месца назначэння – в. Урута Смаленшчыны. Адтуль адправілі ў вучэбку ў Варонежскую вобласць, дзе сур’ёзна захварэў, быў прызнаны годным да нестраявой службы. Пісаў заявы на фронт. Пасля чарговай камісія дала дабро і яго накіравалі ў Куйбышаўскае пяхотнае вучылішча, затым пад Пензай лейтэнант Фабрыстаў абучаў навабранцаў ваеннай справе. Пазней накіравалі на фронт, вызваляў Данбас, быў цяжка паранены, урачы запісалі ў небажыцелі… Але ж месяцы шпіталя ў Таганрозе і зноў на форонт. Вызваляў Румынію, Балгарыю. Узнагароджаны ардэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны, шматлікімі медалямі. Дэмабілізаваўся у 1946 годзе і з радасцю вярнуўся ў родныя Горкі. Пасля заканчэння з чырвоным дыпломам Аршанскага педінстытута працаваў настаўнікам беларускай мовы літаратуры ў Рэкцянскай сямігодцы, затым іспектарам рано, дырэктарам Цімохаўскай СШ, сакратаром райкама партыі, старшынёй райвыканкама (1963-1965 гг.). І амаль 20 год ён узначальваў адну з лепшых школ горада, адначасова выкладаючы родную мову яе навучэнцам. Сабраў і сплаціў вакол сябе моцны калектыў высокіх прафесіяналаў, аднадумцаў, настаўнікаў старой традыцыйнай школы выкладання, якія засталіся ў памяці ўдзячных вучняў: Рыгор Андрэевіч Круцілін, Валянціна Міхайлаўна Вялічка, Ніна Мікалаеўна Касачова, Надзея Пракофьеўна Карпіцкая, Святлана Мікалаеўна Анішчанка, Зоя Піліпаўна і Аляксандр Мікалаевіч Аляксеевы, Фёдар Віктаравіч Трухан, Галіна Васільеўна Чайчыц, Людміла Мікалаеўна Цыркунова, Антаніна Фёдараўна Паршнёва, Лідзія Сцяпанаўна Токвіль, Ніна Рыгораўна Цітова, Рыгор Кірылавіч Сівакоў, Галіна Рыгораўна Гардзиевіч, Васіль Аляксеевіч Раемскі, Алег Пятровіч Денісенка і многія іншыя.…
Нам, выпускнікам другой сярэдняй школы, вельмі пашанцавала, што ў школьныя гады нас вялі такія цудоўныя настаўнікі і высокародныя людзі. А родную мову выкладалі Людміла Уладзіміраўна і Уладзімір Якаўлевіч – узор чалавечнасці і чысціні.

Оперативные новости Горецкого района смотрите в нашем telegram-канале.
Галіна КАЖЭЎНІКАВА
Міхаіла ЛЯЎЦОВА, з сямейнага архіва аўтара і СШ № 2





