«Мой край — маё натхненне»

«Мой край — маё натхненне»

Рэкта… Я з’яднаная з табою больш за паўвека! Самае прыгожае месца на зямлі, багатае слаўнай гісторыяй

Назва вёскі Рэкта пайшла, па расказах старажылаў, ад слова ракіта. Гэта дрэвы, якія раслі ўздоўж маленькай рачулкі. Яна брала пачатак непадалёк ад в. Халмы і цякла па лужку, што ў канцы агародаў, затым упадала ў раку Проню. Вясной, калі рачулка разлівалася, затапляла невялікі лужок. Тут нават можна было зла­віць на вуду шчупака.

Галоўнае багацце майго краю — нашы людзі. Адны з іх самаадданай працай рабілі гісторыю краіны ў мінулым. Іншыя працягваюць добрыя справы продкаў.

Рэкта — радзіма славутага роду Ларковічаў. Мікалай Паўлавіч Ларковіч працаваў старшынёй мясцовага калгаса, яго сын Мікалай Мікалаевіч — дырэктарам племзавода «Леніна», заслужаны работнік сельскай гаспадаркі. Другі сын Васіль Мікалаевіч — вядомы ў раёне механізатар, затым брыгадзір у Рэкце. Даяркай працавала Людміла Васільеўна Ларковіч (Клачкова), дачка Васіля Мікалаевіча. Іх продак трактарыст-камсамолец Тарас Паўлавіч у 1945 годзе быў узнагароджаны Ганаровай граматай ЦК ЛКСМБ.

Калі ў 1967 годзе пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума я прыйшла працаваць загадчыцай Ракцянскай бібліятэкі, пазнаёмілася са старшынёй мясцовага сельсавета Сяргеем Ягоравічам Курносенкам. Людзі паважалі яго за чэснасць, прынцыповасць, за працалюбства.Тады ў стар­шынь сельскіх Саветаў не было машын. Па бездарожжу Сяргей Ягоравіч хадзіў пешшу да сваіх выбаршчыкаў, каб дапамагчы вырашыць розныя пытанні. На тэрыторыі сельсавета было 10 вёсак. Старшыня сам праводзіў сходы, ведаў, каму ў першую чаргу прывезці дроў, дапамагаў людзям будаўнічымі матэрыяламі, рамантаваць і чысціць калодзежы.

Сяргей Ягоравіч па-бацькоўску адносіўся да нас, маладых спецыялістаў. Дапамагаў у працы парадай, добрым словам. На рабочым месцы патрабаваў дысцыпліны і парадку. Мы былі ўдзячныя яму за тое, што вучыў нас з адказнасцю адносіцца да працы.

Старшыня разам з усімі выходзіў дапамагаць мясцоваму саўгасу на сенакосе, на ўборцы ўраджаю. Спрыяў у арганізацыі свята в. Рэкта, якое мы правялі ў 1985 годзе. Ніколі не праходзіў міма чужога гора. Знаходзіў рашэнні ў самых складаных сітуацыях.

Пад кіраўніцтвам Сяргея Курносенкі Ракцянскі сельскі Савет стаў лепшым у раёне. Сюды за вопытам прыязджалі кіраўнікі з усёй вобласці. Добра ведалі яго і на рэспубліканскім узроўні. Пасля праверкі работы прадстаў­нікамі Вярхоўнага Савета БССР, якія далі высокую адзнаку рабоце ўстаноў культуры, медыцыны, асветы, сельскаму Савету быў уручаны пераходны Чырвоны сцяг Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Вопытам сваёй працы Сяргей Ягоравіч дзяліўся ў Мінску на сесіі Вярхоўнага Савета БССР.

Наш старшыня быў узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць», граматамі і каштоўнымі падарункамі. Для мяне, маладога спецыяліста, гэты чалавек быў прыкладам. Ён накіраваў маю працу на краязнаўства. У 1967 годзе даручыў сабраць і напісаць гісторыю 10 вёсак сельсавета да 50-год­дзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. З чым я справілася і атрымала першую ўзнагароду — Грамату за паспяховую працу па летапісу Ракцянскага сельскага Савета.

Другі чалавек, які запомніўся мне на ўсё жыцце, — гэта былы кіраўнік саўгаса «Горацкі» Уладзімір Васільевіч Балыка. Працаваў кіраўніком гаспадаркі ў 1965—1980 гадах.

Нарадзіўся ён у 1933 годзе на Бабруйшчыне. У 1956-м скончыў заалагічны факультэт БСГА. Спачатку працаваў заатэхнікам у калгасе імя Свярдлова Горацкага раёна. У 1964 годзе — началь­нік абласнога ўпраўлення сельскай гаспадаркі. А пазней узначаліў саўгас «Горацкі». На той час у гаспадарцы было 30 гру-завых аўтамабіляў, 35 трактараў. Для працаўнікоў было пабудавана 2 вась­мікватэрных дамы, клуб у в. Нежкава, бібліятэка ў в. Шышава, лазня ў в. Рэкта.

Уладзімір Васільевіч жыў і працаваў для людзей. Ён сабраў сход працаўнікоў саўгаса і выступіў з прапановай, каб маладыя сем’і будавалі самі сабе цагляныя дамы. Абяцаў дапамагчы тэхнікай, але ў нерабочы час. Кіраўнік стрымаў слова. Людзі пачалі будаваць жыллё. Уладзімір Васільевіч даваў трактары людзям на вываз лесу, цэглы.У той час у в. Сенькава былі пабудаваны дзве новыя вуліцы. У Рэкце таксама маладыя сем’і ўзво­дзілі жыллё. Гэта былі 1976—1978 гады. І было сапраўднае адзінства людзей. Дапамагалі адзін другому парадай, працай на будоўлі. І ніхто ні з каго не браў грошай.

А яшчэ Уладзімір Васільевіч быў вель­мі адукаваным чалавекам, шмат чытаў. Ён ведаў гісторыю Беларусі. Па памяці называў розныя даты. Аднойчы яму не спадабалася, як была ўзарана зямля ў брыгадзе Нежкава. Кіраўнік брыгады вая­ваў на фронце. За адвагу і мужнасць меў узнагароды. Уладзімір Васільевіч на сходзе сказаў: «На кожны квадратны метр беларускай зямлі ў гады вайны выліты літр чалавечай крыві. Чаму ж ты, Мікалай Ігнатавіч, дапусціў промахі ў апрацоўцы нашай кроўю палітай зямелькі? Ты ж ваяваў! Чаму не праверыў апрацоўку глебы?» Гэтыя словы навялі на роздум аб патрыятызме і гаспадарчых адносінах да зямлі.

Такіх людзей нельга забыць. Патрабавальнасць, дабрата і чалавечнасць — вось такія рысы характару былі ў кіраўніка саўгаса «Горацкі» Уладзіміра Балыкі.

Міхаіл Міхайлавіч Анікееў нарадзіўся ў 1949 годзе ў в. Нікольск Горацкага раёна. Скончыў 8 класаў і пайшоў праца­ваць рабочым у саўгас «Дрыбінскі». Днём працаваў, а вечарам вучыўся ў школе. Служыў у арміі. Пасля працаваў у саўгасе «Дрыбінскі» загадчыкам фермы, брыгадзірам. За гэты час завочна скончыў агранамічнае аддзяленне Жыліцкага саўгаса-тэхнікума. Цяга да ведаў, жаданне даведацца як мага больш, каб эфектыўна працаваць на зямлі, прывялі маладога спецыяліста ў Беларус­кую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. Тут таксама без адрыву ад вытворчасці Міхаіл Міхайлавіч скончыў агранамічны факультэт. У 1980 годзе ўзначаліў саўгас «Горацкі», якім кіраваў на працягу шасці год. Вывеў гаспадарку на перадавыя пазіцыі. Вось некалькі прыкладаў: за 4 гады пяцігодкі надой ад каровы вырас з 2070 да 3050 кг. Ураджайнасць у 1981 годзе складала 14,9 ц з га, а ў 1984-м — 30,4 ц. Рэзка вырасла зарплата працаўнікоў саўгаса. Калі прыходзілі ў касу, не верылі, што такая можа быць.

У час кіраўніцтва Міхаіла Міхайлавіча быў пракладзены асфальт да ўсіх вёсак, да ферм саўгаса. Былі пабудаваны саўгасныя дамы — цэлая вуліца. І на­звалі яе Камсамольскай. Быў пабудаваны прыгожы дзіцячы сад «Сонейка», два васьмікватэрных дамы. Усё гэта для працаўнікоў саўгаса, перадавога ў рэспубліцы, узнагароджанага Пераходнымі Чырвонымі сцягамі СССР, удзельніка ВДНГ у Маскве. У 1986 годзе Міхаіл Міхайлавіч выбраны старшынёй выканкама Горацкага раённага Савета народных дэпутатаў, а ў жніўні 1987 года — першым сакратаром Асіповіцкага гаркама КПБ. Маючы багаты вопыт, завочна скончыў аспірантуру. У 1987—1991 гадах — першы сакратар Асіповіцкага гаркама КПБ. З 1991 года — дацэнт кафедры раслінаводства БСГА. Затым працаваў старшынёй Горацкага райвыканкама. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалём «За працоўную доблесць».

Алега Лукіча Бондарава ў саўгасе называлі «майстар залатыя рукі». Працаваў токарам. Простая спецыяль­насць, але як яна патрэбна людзям. Любую дэталь ён мог зрабіць сам. І яе немагчыма было адрозніць ад завадской. У Рэкце яго ведаюць як рацыяналізатара: сваімі рукамі зрабіў міні-трактар з поўным наборам сельскагаспадарчых агрэгатаў. За што б Алег Лукіч ні браўся, усё рабіў сумленна. Працаўніка і зараз паважаюць мясцовыя жыхары.

Яго жонка Ніна Іванаўна Бондарава 30 год сумленна адпрацавала начальнікам Ракцянскага аддзялення сувязі, у свой час лепшага ў раёне і вобласці. Была ўзнагароджана граматамі, каштоўнымі падарункамі. Даўно гэта сям’я на заслужаным адпачынку. Але цікавяцца навінамі. Усюды ў іх чысціня і парадак. Да паважаных людзей аднавяскоўцы звяртаюцца за парадамі.

Як пісаў вядомы педагог Васіль Сухамлінскі, без музыкі цяжка перака­наць чалавека, які робіць першыя крокі ў жыцці, што свет прыгожы, цудоўны. Калі чалавек сустракаецца з музыкай з дзяцінства, ён назаўсёды застанецца яе верным сябрам.

Музыцы ў Рэкце вучыць дзяцей таленавіты настаўнік Таццяна Уладзіміраўна Кавалькова (Грушына). Разам з настаўніцай навучэнцы робяць першыя крокі ў чароўную краіну прыгожага. Хтось­ці з іх звяжа сваё жыццё з музыкай, як вучаніца Таццяны Кавальковай Марына Путнікава, якая стала артысткай і спявае ў калектыве «Мілкі» ў Мінску, як яе вучаніца Хрысціна Карчкова. Яна скончыла вучылішча і працуе культработнікам. Кожны вучань, які з 6 год наведвае ўрокі музыкі ў школе мастацтваў, ніколі не застанецца абыякавым да музыкі, да культуры.

Талент Таццяне Уладзіміраўне перадаўся ад бацькі Уладзіміра Міхайлавіча Кавалькова. У дзяцінстве яна добра спявала.Скончыла музычнае вучылішча, затым вну. Мне часта даводзілася бы­ваць на яе ўроках. Добрая, ласкавая, таленавітая. З кожным вучнем абыходзіцца як маці. Выяўляе і раскрывае таленты ў вясковых дзяцей. Прысутнічаць на канцэртах, на якіх выступаюць навучэнцы Таццяны Уладзіміраўны, адно задавальненне. Хвалююцца, але выступаюць, як сапраўдныя артысты.

2022-і — Год гістарычнай памяці. Імк­нулася расказаць аб земляках, якія не толькі пакінулі ў маім жыцці добрыя ўспаміны, але і шмат зрабілі для росквіту роднай старонкі.

Сярод працаўніц гаспадаркі — прадстаўнік вядомага роду, адзін з лепшых механізатараў Васіль Ларковіч
Дырэктар саўгаса «Горацкі» Міхаіл Анікееў уручае ўзнагароду перадавой даярцы Антаніне Коласавай
Старшыня сельсавета Сяргей Курносенка выступае на сходзе жывёлаводаў

Любоў ВАЛЧКОВА, ветэран працы

Последние новости

Главные новости

В Горецком педколледже состоялся важный диалог об электоральной кампании

21 ноября 2024
Читать новость
Главные новости

Разобраться в проблемах сельчан помогают личные встречи с главой района

21 ноября 2024
Читать новость
Новости

Водитель автомобиля ОАО “Горецкое” Владимир Войтеховский удостоен Благодарности председателя Могилевского областного исполнительного комитета

21 ноября 2024
Читать новость
Новости

Прямая телефонная линия с заместителем директора УКПП “Коммунальник” Виктором Казакевич

21 ноября 2024
Читать новость
Новости

Прямая телефонная линия с начальником управления землеустройства Евгением Кузьмицким

21 ноября 2024
Читать новость
Новости

Приглашаем на праздник

21 ноября 2024
Читать новость

Рекомендуем