Дзень ведаў у педкаледжы
1 верасня — асаблівае свята, кропка адліку новых перамен і дасягненняў, старт у будучыню. І асабліва важны гэты дзень для тых, хто ўступіў у шэрагі навучэнцаў педкаледжу — першакурснікаў.

У актавай зале ўстановы, дзе навучаюцца будучыя настаўнікі, адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню ведаў. З віншаваннямі і пажаданнямі да студэнтаў звярнуліся дырэктар Горацкага педагагічнага каледжа Сяргей Барысавіч Пянчанскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аксана Алегаўна Агароднікава, старшыня Ленінскага сельскага Савета Канстанцін Васільевіч Карпіцкі, настаяцель Спаса-Прэабражэнскай царквы протаіерэй Сергій, куратары і бацькі навучэнцаў. Усе шчыра жадалі юнакам і дзяўчатам поспехаў у вучобе, творчага натхнення, зацятасці і працавітасці.
Вучоба ў каледжы — гэта не толькі авалоданне ведамі. Жыццё навучэнцаў даволі цікавае і шматграннае. Тут ёсць усе магчымасці, каб праявіць творчыя здольнасці. Пацвярджэнне таму — узнагароды за ўдзел у I адкрытым рэгіянальным фестывалі-конкурсе дзіцячай творчасці «Карагод сяброў», дзе дыпломам трэцяй ступені быў адзначаны вакальны ансамбль “Рэчанька” пад кіраўніцтвам
Г. М. Краўцовай, дыпломам другой ступені — Ксенія Гекіева, а першай — Варвара Кузьмянкова. К. В. Карпіцкі ўручыў грамату камісіі творчай дзейнасці Горацкага педкаледжа.







