Горацкая паэтэса Лідзія Андрэева праз паэзію і навуку ўшаноўвае любоў да Радзімы

Горацкая паэтэса Лідзія Андрэева праз паэзію і навуку ўшаноўвае любоў да Радзімы

22 студзеня 2025 года споўнілася 85 гадоў беларускай паэтэсе, члену народнага літаратурнага калектыву «Роднае слова» Лідзіі АНДРЭЕВАЙ

Амаль паўстагоддзя Лідзія Андрэеўна Мініч працавала ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, яна кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт. Актыўна займалася навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю. А пасля выхаду на пенсію прысвяціла вольны час літаратурнай творчасці. Друкуецца пад псеўданімам Лідзія Андрэева.

У дзяцінстве спазнала голад і холад

Лідзія Андрэеўна нарадзілася 22 студзеня 1940 года ў вёсцы Рэкта Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў вялікай сям’і, дзе бацькі выхоўвалі сямёра дзяцей.

У гады Вялікай Айчыннай вайны сям’я некаторы час жыла ў лесе, дзе трохгадовае дзіця спазнала, што такое голад, холад, кароста і вошы.

У першы клас пайшла ў 1948 годзе. У Судзілаўскую СШ хадзіла аж за сем кіламетраў. Калі стан здароўя рэзка пагоршыўся, сястра маці забрала Лідзію ў Клімавічы, дзе яна ў 1958 годзе з сярэбраным медалём скончыла Клімавіцкую сярэднюю школу № 3.

Дзяўчына  вырашыла звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай. У 1964 годзе скончыла заатэхнічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Два гады працавала ў Горацкім раённым упраўленні сельскай гаспадаркі: эканамістам па ўліку, заатэхнікам-селекцыянерам. А ў 1966 годзе паступіла ў аспірантуру на кафедру развядзення сельскагаспадарчых жывёл, дзе выканала дысертацыю па тэме, на той час на піку навізны (выкарыстанне груп крыві ў жывёлагадоўлі). Гэта адкрывала  добрую перспектыву. Пасля (па размеркаванні міністэрства) працавала асістэнтам на гэтай жа кафедры, малодшым навуковым супрацоўнікам на доследнай станцыі.

Працуючы на гэтай станцыі акадэміі, правяла глыбокія даследаванні па тэме, прапанаванай акадэмікам Канстанцінам Сонцавым. Вярнуўшыся на выкладчыцкую работу на кафедру развядзення і генетыкі, Лідзія Андрэеўна напісала і паспяхова абараніла ў 1989 годзе новую дысертацыю па кармленні і тэхналогіі кармоў. Праз год кандыдат сельгаснавук атрымала званне дацэнта. Працавала старшым выкладчыкам, дацэнтам у акадэміі, куратарам, за што адзначана Граматамі і Дыпломамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь як «…пераможца рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў…  за вучэбна-метадычныя распрацоўкі», а таксама рэктарата, прафкама, гарсавета. Была абрана  дэпутатам Горацкага гарадскога Савета дэпутатаў, членам прэзідыума прафкама акадэміі.

Як чалавек нераўнадушны, яна выступала з артыкуламі на старонках раённай газеты «Ленінскі шлях»: «Хопіць змагацца з ветранымі млынамі» (1990), «Сябе не падманеш» (1991) і інш.

«І пакуль жывое маё сэрца, я аддаю доўг запаветны з любоўю»

З дзяцінства яна любіла літаратуру, паэзію. І калі на пенсіі з’явілася шмат вольнага часу, думкі рыфмаванымі радкамі (а іх аказалася зашмат) запрасіліся на паперу. Дэбют адбыўся ў чэрвені 1999 года на старонках мясцовай раённай газеты. Гэта былі тры вершы на рускай мове пад псеўданімам Андрэева.

Людміла  Ганчарова, якая тады працавала галоўным рэдактарам, прадстаўляючы паэтку чытачам, пісала: «Автор этих поэтических строк пожелала подписаться псевдонимом. Она и в жизни такая же скромная, простая женщина, на долю которой выпало немало испытаний. Судьба редко когда была к ней благосклонна, на мелкие осколки разбив женское счастье. Но она не утратила ни внешней, ни внутренней привлекательности и обаяния. Она по-прежнему верит в то, что закат сменяется восходом, что за холодной зимой обязательно приходит весна.

Видимо, под впечатлением ожидания чего-то светлого и прекрасного, чем обделила ее жизнь, и начали складываться мысли-раздумья в поэтические строки».

Калі вершаў на рускай і беларускай мовах назбіралася шмат, у 2005 годзе выйшаў першы яе зборнік пад назвай  «Спешу сказать…» Сярод многіх, хто чытаў і рэдагаваў яго, быў Барыс Магаліф – асаблівы чалавек, глыбока  і шматгранна эрудзіраваны, вядомы далёка за межамі Беларусі. Тры вершы з гэтага зборніка ён паклаў на музыку. А ўвогуле рознымі кампазітарамі на музыку пакладзена больш за трыццаць яе вершаў, чатыры з іх гучаць на музыку самой паэткі, у тым ліку і гімн, прысвечаны роднаму факультэту.

У 2007 годзе ў Горках выйшаў другі зборнік вершаў таксама на рускай і беларускай мовах – «Жыватворная крыніца».

Паэтэса пісала вершы і для дзяцей, і ў  2010 годзе ў выдавецтве ў Мінску  выйшла вельмі цікавая кніжка-алфавіт для дзяцей «Мая сям’я ад А да Я». «Гэтыя творы могуць не толькі служыць для забавы, але і несці выхаваўчую ды навучальную функцыі, – адзначыў член Саюза пісьменнікаў Беларусі Павел Саковіч у прадмове да кнігі. – Паэтка здзяйсняе з маленькім чытачом адмысловае займальнае падарожжа па беларускім алфавіце, робячы прыпынкі на кожнай літары і такім чынам адкрываючы дзіцяці цэлы свет – з людзьмі, жывёламі, раслінамі, прадметамі побыту, заняткамі і прафесіямі, паняццямі і ідэямі». Значнай асаблівасцю зборніка стала  прадуманае аўтарам афармленне кожнага вершыка адпаведнай ілюстрацыяй. Кніга багата аформлена творамі ўдзельнікаў IV Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка «На сваёй зямлі».

Потым выйшаў у свет зборнік вершаў «Споведзь», у якім  прадстаўлены ўжо розныя формы верша, творы абрадавага накірунку і іншыя.

У кнізе «На хвалях вечнасці» (2012) змешчаны міфы і легенды старажытнай Элады ў вершах. Паэтка імкнулася прыцягнуць увагу чытача да роднага слова цікавымі і неўміручымі легендамі і фразеалагізмамі, якімі мы часта карыстаемся.

Каб беларускамоўны чытач адчуў усю асалоду і прыгожасць твораў рускіх паэтаў, Лідзія Андрэева зрабіла пераклады вершаў Ганны Ахматавай, Аляксандра  Блока, Аляксандра Пракоф’ева, Мікалая Някрасава, Апалона Майкава, Аляксея Пляшчэева, Канстанціна Сіманава, Сяргея Шчыпачова і іншых, а таксама папулярных рускіх рамансаў ХIХ ст. Разам з яе вершамі яны ўвайшлі ў кнігу «І боль, і мары, і любоў» (2013).

«У сваім краі, як у раі»

Лідзія Андрэева вельмі любіць беларускую мову, думае і піша на ёй.Паэтэса разумее, што любоў да роднай мовы трэба выхоўваць з дзяцінства, і таму яна не забывае пра маленькіх чытачоў. У другой кнізе для дзяцей «У сваім краі, як у раі» (2015) на простых будзённых прыкладах яна знаёміць дзяцей з багаццем роднай мовы, вучыць ганарыцца і даражыць усім сваім: сваёй мовай, сваёй Радзімай, сваім радаводам.

Не цураецца Лідзія Андрэева і прозы. Некалькі яе нарысаў было змешчана ў  кнізе «Цвіла каліна: вершы і проза» (2015), выдадзенай да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Некалькі гадоў паэтэса працавала над паэмай пра гістарычны шлях Горацкага краю «Тут росы бялей…» (2018). Яна прысвечана Году малой радзімы і Дню вызвалення Горак ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, была выдадзена і атрымала добрыя і ўдзячныя водгукі жыхароў раёна.

У ліпені 2019 года выйшла з друку цудоўна аформленае выданне Лідзіі Андрэевай «Атожылкі». Кніга прысвечана малой радзіме аўтаркі, якая звярнулася да вельмі важнай грамадзянскай тэмы: сумленне і памяць нашчадкаў.

Галоўны герой тут просты селянін, які добра ведае сэнс жыцця, беражэ спадчыну і шчыра выхоўвае гэтае пачуцце ў нашчадкаў. Аўтар яскрава паказала, як выхаваць любоў і патрыятызм без слоў.

Лідзія Андрэева друкуе не толькі асабістыя кнігі. Дарэчы, у яе творчым багажы 14 зборнікаў. Вершы паэткі можна прачытаць у калектыўных зборніках «Блики памяти», «Над родным краем жураўлі», «Эхо нашей Победы», «На крылах натхнення», «Дарогі памяці жывыя…», «Зоркі над Горкамі», у кнізе «У краі бярозавых гаёў», у альманахах «Брама», «Славянская лира», «Акадэмічны вянок», у часопісе «Вожык», у газетах «Літаратура і мастацтва», «Культура», «Беларуская ніва», «Зямля і людзі» і інш.

Яна пераможца міжнародных літаратурных конкурсаў «Славянская лира» (2018), «Под небом рязанским» (2018), рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю» (2020) і інш.

Як адзначае кіраўнік народнага літаратурнага калектыву «Роднае слова» Людміла Дзеружкова, «паэтэса амаль штотыднёва сустракалася са сваімі чытачамі, праводзячы творчыя сустрэчы ў навучальных установах і бібліятэках. Сваёй творчасцю Лідзія Андрэеўна аказвала дапамогу ўстановам культуры Горацкага раёна ў падрыхтоўцы мерапрыемстваў рознага ўзроўню. Шмат вершаў  паэткі прысвечана Горацкай зямлі, акадэміі, прадпрыемствам горада. Яна актыўная ўдзельніца рэспубліканскіх, абласных і раённых фестываляў і конкурсаў. Звыш трыццаці твораў паэткі пакладзена на музыку  кампазітарамі, і гучаць гэтыя песні ў выкананні лепшых  салістаў».

Па выніках 2018 года Лідзія Андрэева стала пераможцам абласнога этапа ХI Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года» у намінацыі «Духоўнасць і культура».

Як расказвае паэтка, з 2020 года ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь праходзіць канцэрт «У час шумнага балю» рамансаў рускіх паэтаў па яе перакладах на беларускую мову.

«Я любоўю цябе абдымаю»

Калі пералічваць усё, што зроблена паэтэсай за апошнія гады, то міжволі ўзнікае пытанне: як столькі можа зрабіць адзін чалавек? На што Лідзія Андрэеўна адказвае: «Калі тое, што я раблю, што я кажу, аб чым думаю, некаму патрэбна, значыць, недарэмна патрачаны час і сілы, значыць, я ў адным патоку з маім народам. І пакуль жывое маё сэрца, я аддаю доўг запаветны з любоўю. Цяпер я ведаю, што недарма пражыла на маёй зямлі».

Яна вельмі любіць сваю Радзіму і лічыць, што мы павінны ўсё рабіць на карысць роднай Беларусі.

Любоўю абдымаю
Да зары выйду з дому на золку,
Каб убачыць, як сонца ўстае.
Павітаць бы мне першаю толькі
Залатыя прасторы твае.

І такую ў сэрцы лагоду
Лье мне водар зямлі  дарагой.
Я твая ад спрадвечнага роду
З беларускаю светлай душой.

Васільковы вяночак сплятаю,
Твой, Радзіма, пасаг берагу.
Я любоўю цябе абдымаю
І нашчадкам яе падару.

І шапчу я каханню таемна:
«Ты не можаш мяне абмінуць –
Беларусь і любоў неад’емна
Ў маім сэрцы адзіна жывуць».

Пажадаем Лідзіі Андрэеўне ў год 85-годдзя здароўя  i новых творчых дасягненяў.

Уладзiмiр ЛІЎШЫЦ
Фота Міхаіла Ляўцова і цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага
ДУК «Горацкая раённая бібліятэчная сетка»

Последние новости

Выборы-2025

За четыре дня в досрочном голосовании на выборах Президента Республики Беларусь явка граждан составила 35,99%

24 января 2025
Читать новость
Выборы-2025

Концертные программы прошли на участках для голосования в агрогородках района

24 января 2025
Читать новость
Новости

Делегация Горецкого района принимает участие в финальном мероприятии «Марафона единства» в Минске

24 января 2025
Читать новость
Новости

Владимир Павловский: «Досрочное голосование в Горках проходит в спокойной и организованной обстановке»

24 января 2025
Читать новость
Новости

Горацкая паэтэса Лідзія Андрэева праз паэзію і навуку ўшаноўвае любоў да Радзімы

24 января 2025
Читать новость
Главные новости

Какие вопросы взял на контроль депутат Владимир Павловский на приеме граждан в Горках

24 января 2025
Читать новость

Рекомендуем