У інтэрнаце БДСГА адбылася творчая сустрэча з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы

Штогод 21 лютага ўвесь цывілізаваны свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Менавіта да гэтага свята і была прымеркавана творчая сустрэча студэнтаў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталляй Ніканчук і ўдзельнікам народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” Аляксандрам Ведзянеевым. Сустрэча адбылася ў студэнцкім інтэрнаце № 4 БДСГА.
Да мерапрыемства была падрыхтавана літаратурная выстава “У родным слове — сэрца пачуццё”. Тут былі прадстаўлены выданні класікаў беларускай літаратуры, кнігі па гісторыі, стылістыцы і культуры маўлення, а таксама зборнікі магілёўскіх і горацкіх аўтараў на беларускай мове: Аляксандра Казекі, Ніны Кавалёвай, Міхаіла Уласенкі, Наталлі Ніканчук, Аляксандра Клачкова, Лідзіі Андрэевай і іншых.
Спачатку кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” Людміла Дзеружкова расказала пра гісторыю свята і выданні, якія былі прадстаўлены на выставе, зачытала свае любімыя радкі класікаў беларускай літаратуры і пажадала моладзі шанаваць наш нацыянальны скарб — родную мову, больш чытаць беларускіх аўтараў, размаўляць і думаць на матчынай мове.



Наталля Ніканчук у сваім выступленні адзначыла: “Пішу пераважна на роднай мове і не магу нават думаць, што можа быць інакш. Жаданне пісаць на беларускай мове было яшчэ з дзяцінства. Я скончыла беларускамоўную школу ў Клецкім раёне Мінскай вобласці, заўсёды слухала Беларускае радыё. Ды і ў нашай мясцовасці больш размаўлялі на роднай мове”. Прагучалі яе вершы на роднай і аб роднай мове (“Крынічанька жывая…”, “Беларуская мова — святая…”, “Да мяне завітала надзея…” і інш.), а таксама пераклады твораў рускіх паэтаў на беларускую мову.
Студэнты зацікавіліся творчай дзейнасцю і Аляксандра Ведзянеева. Паэт сказаў пра адносіны да роднага слова і беларускай літаратуры, прачытаў свае вершы пра Радзіму і мову (“Наша мова”, “Сінявокі небасхіл”, “У замежжа” і інш.). Таксама ён дэкламаваў апавяданне Максіма Гарэцкага “Страхаццё” (нашага земляка, юбілей якога адзначаўся 18 лютага), што выклікала асаблівую зацікаўленасць у аўдыторыі.
Мерапрыемства атрымалася ў форме дыялогу і садзейнічала выхаванню ў моладзі павагі да роднага слова і разуменню неабходнасці ведаць яго і шанаваць.
Людміла ДЗЕРУЖКОВА,
кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова”








