Творчы вечар Наталлі Ніканчук адбыўся ў Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі

«Залацінкі дабрыні» – пад такой назвай 5 кастрычніка ў Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі прайшоў творчы вечар, прысвечаны 55-годдзю з дня нараджэння члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова» Наталлі Ніканчук.
З 2008 года яна жыве ў Горках і актыўна займаецца літаратурнай творчасцю. Піша пераважна на беларускай мове. Талент Наталлі Ніканчук праявіўся ў розных жанрах: вершы, паэмы, апавяданні, аповесці, раманы і пераклады. Яна аўтар паэтычнага зборніка «Любоў – крылатая істота» (2008), дэтэктыўнага рамана «Иоланта» (2011), кнігі прозы «…Кранаючы неба рукамі» (2018). Друкавалася ў калектыўных зборніках «Друцкія зарніцы» (1996), «Над родным краем жураўлі» (2009), «Эхо нашей Победы» (2014), «На крылах натхнення» (2016), «Дарогі памяці жывыя…» (2019), «Зоркі над Горкамі» (2021), часопісах «Маладосць», «Першацвет», у рэспубліканскай газеце «Літаратура і мастацтва», абласной газеце «Зямля і людзі» і іншых.
У 2018 годзе Наталлю Ніканчук прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Наталля Ніканчук – актыўная ўдзельніца Міжнароднага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці «Порубежье» (г. п. Шумячы Смаленскай вобласці; 2017, 2018, 2019), дыпламант Міжнароднага літаратурнага конкурсу памяці Канстанціна Сіманава (2015, 2018), Міжнароднага літаратурнага форуму «Славянская лира» (г. Мінск; 2017, 2018), Рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю», прысвечанага Году малой радзімы (2020), Рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечанага Году народнага адзінства (2021), абласнога літаратурнага конкурсу «Скарынавай душой узлашчанае слова» (2017) і інш.
Наталля Ніканчук актыўна праводзіць творчыя сустрэчы са школьнікамі і студэнтамі, з’яўляецца пастаянным членам журы раённых літаратурных конкурсаў.
У музеі сабраліся калегі па творчасці, сябры і родныя пісьменніцы. Віноўніца ўрачыстасці расказала пра пачатак літаратурнага шляху, прачытала вершы розных гадоў, пазнаёміла прысутных са сваёй новай кнігай «Дэльфінчык Агу», а таксама падзялілася творчымі планамі.
Значная частка мерапрыемства была адведзена творам для дзяцей. Дэкламавалі яе вершы, апавяданне «Згублены гузічак» і ўрывак з казачнай аповесці «Дэльфінчык Агу» вучні тэатральнага класа «Светлячок» дзіцячай школы мастацтваў і вакальна-харавога майстэрства г. Горкі і ўдзельнікі народнага тэатра-студыі «Парадокс» БДСГА. На вечарыне прагучалі песні на яе словы «Я не магу не ўсміхацца…» і «Мой Горацкі край урачысты…» на музыку Ганны Калікінскай у выкананні Анастасіі Жарыкавай.
Ад мясцовай улады павіншаваць пісьменніцу прыйшла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Панасюк, якая зачытала лісты падзякі ад Горацкага райвыканкама і аддзела.
З цёплымі словамі і пажаданнямі выступілі член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Цэван, мясцовыя аўтары Аляксандр Ведзянееў, Валянціна Копач, Любоў Валчкова, галоўны бібліятэкар бібліятэкі БДСГА Марыя Студнёва, горацкая салістка Надзея Курбасава, сябры, муж і сын Наталлі Валянцінаўны.
Мерапрыемства было пранізана ноткамі пяшчоты і шчырасці, а ўсе творы Наталлі Ніканчук нібы вышыты залацінкамі дабрыні.














Людміла Дзеружкова,
кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова»
Фота Міхаіла Ляўцова








