«Жыве мая ліра нанова…»: 150 гадоў з дня нараджэння адной з самых вядомых жанчын Беларусі Алаізы Пашкевіч

«Жыве мая ліра нанова…»
У песні можна пераліці
Ўсё найлепша, наймілейша;
У песні можна даць пяруны,
Песняй сэрца рваць на часці;
Крэпкі толькі былі б струны,
Я зайграла бы аб шчасці!
Цётка
15 ліпеня спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння адной з самых вядомых жанчын Беларусі – нашай слаўнай Цёткі – Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч, паэткі, празаіка, публіцыста, вялікай асветніцы. Імя Цёткі стала сімвалам беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Час, у якім жыла Алаіза Сцяпанаўна, не спрыяў творчым памкненням, але ён жа і падказваў сюжэты, патрабаваў адпаведнай паэтычнай інтанацыі. І яе вольналюбівыя вершы станавіліся рэвалюцыйнымі гімнамі, якія «скрыпка беларуская» грала па-народнаму шчыра і натхнёна.
Менавіта гэтай памятнай даце прысвечана бібліятэчная выстава «Жыве мая ліра нанова…» ў Цэнтральнай бібліятэцы імя М.Гарэцкага.
Нарадзілася Алаіза Пашкевіч у 1876 годзе ў вёсцы Пешчына на Гродзеншчыне. Вучылася ў Віленскай прыватнай гімназіі, а потым у Пецярбурзе на агульнаадукацыйных курсах Лесгафта, дзе атрымала веды па медыцыне, біялогіі, гігіене, якія актыўна выкарыстоўвала ў жыцці. З 1904 года жыла ў Вільні. Прымала актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905 года, стала адной з заснавальніц Беларускай сацыялістычнай грамады. Паралельна з гэтым працавала фельчаркай. З-за пагрозы арышту, у 1906 годзе Алаіза Пашкевіч вымушана пакінуць радзіму, і яна накіравалася ў Львоў, дзе працягвала сваю адукацыю. Між тым, некалькі разоў наведвала радзіму пад чужым прозвішчам і нават прымала ўдзел у выданні першай легальнай беларускай газеты «Наша доля». У 1911 г. Алаіза Пашкевіч выйшла замуж за літоўскага інжынера С. Кайрыса і, дзякуючы змене прозвішча, змагла легальна вярнуцца ў Беларусь.
Падчас Першай сусветнай вайны як сястра міласэрнасці даглядала хворых у тыфозным бараку. У 1916 памёр бацька пісьменніцы, і Алаіза паехала на яго пахаванне. У Лідскім павеце лютавала эпідэмія тыфу. Яна засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася і памерла. Пахаваная ў Старым Двары пад Лідай.
Вядомыя зборнікі вершаў Цёткі «Хрэст на Свабоду» і «Скрыпка беларуская» былі выдадзены ў 1906 годзе ў эміграцыі. Да таго ж яна выдала першыя кніжкі на беларускай мове для дзяцей: «Лемантар», «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў».
Асноўныя матывы паэзіі Цёткі – любоў да радзімы, да роднай прыроды, самаахвярнае служэнне народу. Рэвалюцыйная палымянасць і тонкі лірызм, спалучэнне імпульснай лірыкі і пяшчотных вобразаў – характэрныя рысы яе лірыкі.
Цётка – адна з пачынальніц беларускай прозы. Яе апавяданні адлюстроўваюць настроі студэнцкай моладзі («Зялёнка»), цяжкі вясковы побыт («Навагодні ліст»), гаротны лёс дзяцей («Міхаська»). Пяру Цёткі належаць публіцыстычныя артыкулы і нарысы, даследаванні па гісторыі беларускага тэатра.
Творы перакладзеныя на рускую, украінскую, чэшскую і нямецкую мовы.
Цётка пачала раней за Купалу, Коласа, Багдановіча, і за Цёткай застанецца бясспрэчная заслуга каталізатара, які паскараў працэс развіцця беларускай літаратуры, выклікаў напаверх яе рэвалюцыйную энергію, прымушаў яе пазбаўляцца статычнага апісальніцтва і бязметнага этнаграфізму.
Паэтка-агітатар і публіцыст, таленавіты празаік рэалістычнай школы, нястомны культурны дзеяч на ніве нацыянальнай асветы, яна і была, па сутнасці, песняром менавіта такога актыўнага гуманізму, які паставіў сабе за мэту вызваліць працоўны народ, перайначыць свет сацыяльных сувязей і ўзаемаадносін, усталяваць у ім законы грамадскай, чалавечай справядлівасці, праўды, дабра.
Імя Цёткі – побач з лепшымі імёнамі беларускай літаратуры.
Пазнаёміцца ці ўзгадаць творчасць і жыццёвы шлях пісьменніцы вас, шаноўныя чытачы, запрашае дзіцячы абанемент Цэнтральнай бібліятэкі імя М. Гарэцкага, дзе можна ўбачыць кніжную выставу, прысвечаную 150-годдзю з дня нараджэння Цёткі «Жыве мая ліра нанова…». На ёй прадстаўлены як асобныя творы, так і зборнікі яе вершаў, выбраныя творы, а таксама літаратуразнаўчыя і біяграфічныя выданні, прысвечаныя жыццю і творчасці паэткі.





Аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Цэнтральнай бібліятэкі ім. М. Гарэцкага ДУК «Горацкая раённая бібліятэчная сетка»






