У аўтапарка № 17 папаўненне – паступілі новыя аўтобус і грузавы аўтамабіль

У распараджэнне прадпрыемства паступілі новыя аўтобус МАЗ-206 і грузавы аўтамабіль КАМАЗ грузападымальнасцю 30 тон
Новыя машыны ўжо ўключаюцца ў работу і, па словах кіраўніцтва, павінны павысіць якасць перавозак і ўмацаваць вытворчыя магчымасці аўтапарка.
Аўтобус беларускай вытворчасці МАЗ-206 плануецца задзейнічаць на гарадскіх і міжгародніх маршрутах. Гэта дазволіць палепшыць транспартнае абслугоўванне, забяспечыць больш стабільны выхад рухомага саставу на лінію і павысіць камфорт пасажыраў.
Новы КАМАЗ ужо задзейнічаны на перавозцы пяску. У далейшым цяжкі грузавік будзе выкарыстоўвацца і для аказання дапамогі сельскагаспадарчым прадпрыемствам у сезонных работах і пры выкананні гаспадарчых задач, дзе патрабуецца надзейная і ёмістая тэхніка.

Дырэктар аўтапарка № 17 Іван Вабішчэвіч падкрэсліў, што абнаўленне аўтапарка – сістэмная неабходнасць:
– Абнаўляем тэхніку, таму што гэта непасрэдна ўплывае і на бяспеку, і на ўстойлівую працу прадпрыемства. Новы аўтобус – гэта больш надзейны выхад на рэйсы, менш прастояў, вышэйшая якасць абслугоўвання пасажыраў.
Грузавы КАМАЗ – сур’ёзнае ўзмацненне для гаспадарчых перавозак. Ён ужо працуе. Тэхніка павінна быць сучаснай – тады мы зможам выконваць задачы своечасова і без збояў.
Па словах Івана Васільевіча, работа па абнаўленні працягнецца: да канца лютага ў аўтапарк чакаецца паступленне беларускага МАЗа грузападымальнасцю 30 тон.
– Мы бачым патрэбу ў магутнай грузавой тэхніцы: аб’ёмы работ растуць, патрабаванні да тэрмінаў і якасці высокія. Таму плануем абнаўленне паэтапна, каб прадпрыемства стабільна працавала ў транспартнай сферы, як ў частцы грузавых перавозак, так і перавозкі пасажыраў. Важна і тое, што за новым транспартам замацавалі самых вопытных, самых добрасумленных вадзіцеляў – тых, каму можна даверыць тэхніку і людзей. Гэта таксама частка адказнасці, – дадаў дырэктар.
У аўтапарку падкрэсліваюць: новае папаўненне дазволіць эфектыўна размяркоўваць нагрузку, умацаваць матэрыяльную базу і забяспечыць больш упэўненую працу прадпрыемства на працягу года – як на пасажырскіх маршрутах, так і ў грузавым кірунку.

Оперативные новости Горецкого района смотрите в нашем telegram-канале.
Марына БАНДЫК
Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА







